18 мая 2024

Нарадзіўся Аляксандр Львовіч Гулевіч 19 мая 1954 г. у Маладзечне (Мінская вобласць). У 1976 г. скончыў хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ), спецыялізаваўся па кафедры аналітычнай хіміі. Працоўную дзейнасць пачаў на пасадзе стажора-даследчыка Інстытута фізіка-арганічнай хіміі Акадэміі навук БССР. З 1977 г. – малодшы навуковы супрацоўнік кафедры аналітычнай хіміі БДУ і аспірант гэтай жа кафедры. З 1978 г. быў пераведзены на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка арганізаванага ў БДУ Інстытута фізіка-хімічных праблем (лабараторыя экстракцыйных і сарбцыйных працэсаў). У 1982 г. А. Гулевіч абараніў кандыдацкую дысертацыю «Аніёнаабменная экстракцыя алкілсульфатаў і алкілкарбаксілатаў вышэйшымі чацвярцічнымі амоніевымі салямі і яе аналітычнае прымяненне». З 1984 г. старшы навуковы супрацоўнік гэтага ж інстытута. З 1991 г. – дацэнт кафедры аналітычнай хіміі БДУ, з 2003 г. – прафесар гэтай жа кафедры.

Доктарская дысертацыя «Аніёнаабменная экстракцыя арганічных аніёнаў вышэйшымі чацвярцічнымі амоніевымі салямі і яе аналітычнае прымяненне» абаронена ў БДУ ў 2002 г. па спецыяльнасці 02.00.02 – аналітычная хімія. У 2003 г. Аляксандру Гулевічу прысуджана званне прафесара па спецыяльнасці «Аналітычная хімія».

Галіна навуковых інтарэсаў і навуковая работа:

  • даследаванне аніёнаабменнай экстракцыі арганічных і металакомплексных аніёнаў, а таксама распрацоўка плёнкавых іонаселектыўных электродаў. Па ўказаных тэмах А. Гулевіч апублікаваў больш за 150 навуковых прац, у тым ліку 1 манаграфію, 2 навучальныя дапаможнікі, атрымаў 18 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на вынаходствы. Аляксандрам Львовічам падрыхтавана 5 кандыдатаў хімічных навук;
  • распрацоўка медыцынскіх дыягнастычных сістэм для вызначэння альфа-амілазы, білірубіну, а таксама гематалагічных фарбавальнікаў і іх вытворчасць у рамках НТВК «Аналіз Х». 

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram).


Фото: НЦИС

Вверх