Пытанне: Ці мае права НЦІУ апрацоўваць персанальныя даныя трэціх асоб пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур?

Адказ: У адпаведнасці з часткай першай пункта 3 артыкула 4 Закона Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2021 г. № 99-З «Аб абароне персанальных даных» апрацоўка персанальных даных ажыццяўляецца са згоды суб'екта персанальных даных, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь «Аб абароне персанальных даных» і іншымі заканадаўчымі актамі.

НЦІУ ажыццяўляе адміністрацыйныя працэдуры на падставе Закона Рэспублікі Беларусь ад 28 кастрычніка 2008 г. № 433-З «Аб асновах адміністрацыйных працэдур», Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 чэрвеня 2021 г. № 240 «Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюцца ў адносінах да суб'ектаў гаспадарання», а таксама Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 г. № 200 «Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян» і іншых нарматыўных прававых актаў.

Згодна з пунктам 2 артыкула 20 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах адміністрацыйных працэдур» апрацоўка персанальных даных грамадзян пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур ажыццяўляецца без іх пісьмовай згоды з выкананнем патрабаванняў, вызначаных заканадаўчымі актамі, па абароне інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой абмежавана.

Да суб'ектаў персанальных звестак будуць адносіцца трэція асобы, указанне якіх пры ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры абумоўлена патрабаваннямі заканадаўчых актаў.

Такім чынам, НЦІУ будзе апрацоўваць персанальныя даныя трэціх асоб у рамках ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур без іх згоды на падставе абзаца дваццаць першага артыкула 6 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне персанальных даных».

05.2023
Падрыхтавала: Т.Л. Свідзінская (Вядучы спецыяліст інфармацыйна-аналітычнага аддзела НЦІУ)

Вверх