13.10.2023

13 кастрычніка 1928 г. была прынята пастанова Цэнтральнага выканаўчага камітэта і Савета народных камісараў БССР «Аб пераўтварэнні Інстытута беларускай культуры ў Беларускую акадэмію навук». Дадзеная пастанова апублікавана ў цэнтральных газетах Беларусі ўжо 14 кастрычніка 1928 г. Першым прэзідэнтам у снежні 1928 г. абраны вядомы беларускі гісторык Усевалад Ігнатоўскі. У ліку першых акадэмікаў – беларускія паэты Янка Купала, Якуб Колас і Цішка Гартны. Афіцыйнае адкрыццё адбылося 1 студзеня 1929 г. З часам мянялася назва: Беларуская акадэмія навук, Акадэмія навук Беларускай ССР, пазней Акадэмія навук Беларусі. З 1997 г. носіць статус Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

За шматгадовую гісторыю ў НАН Беларусі сфарміраваліся аўтарытэтныя навуковыя школы, выраслі навукоўцы з сусветным імем. Імі вырашаны шэраг буйных тэарэтычных і прыкладных праблем у галіне матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, навук аб Зямлі, гуманітарных і сацыяльных навук. Вынікі даследаванняў акадэмікаў Я.Р. Канавалава (фізіка, 1972), А.А. Ахрэма (хімія, 1975), М.А. Барысевіча (фізіка, 1977), Ф.І. Фёдарава (фізіка, 1980), В.І. Воцякова (медыцына, біялогія, 1986), У.С. Улашчыка (медыцына, біялогія, 1991) і кандыдата хімічных навук У.А. Лапінай (біяфізіка, біяхімія, 1991) у былым СССР зарэгістраваныя ў якасці навуковых адкрыццяў.

Даведачна:
У 1928 г. штат супрацоўнікаў акадэміі - 128 чалавек (з іх 87 навуковых супрацоўнікаў); у 1951 г. - 1234 (сярод іх - 33 акадэміка, 27 членаў-карэспандэнтаў, 55 прафесараў і дактароў навук, 165 кандыдатаў навук), у 2023 г. - 14 тыс. супрацоўнікаў.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі сёння (7 аддзяленняў навук, 108 арганізацый):

- каля 5,5 тыс. даследчыкаў,

- 387 дактароў навук,

- 1,6 тыс. кандыдатаў навук.

Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў – менш за 47 гадоў.

Па матэрыялах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: nasb.gov.by/

Вверх