18.10.2023

БЕЛТА

III Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Інтэлектуальная ўласнасць у сучасным свеце: выклікі часу і перспектывы развіцця» дазваляе спецыялістам з розных краін абменьвацца сваім вопытам. Пра гэта падчас мерапрыемства заявіў генеральны дырэктар НЦІУ Уладзімір Рабаволаў.

«Штогадовае правядзенне ў Беларусі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па інтэлектуальнай уласнасці становіцца добрай традыцыяй. Гэтая канферэнцыя дазваляе спецыялістам з розных краін дзяліцца вопытам у пытаннях аховы і абароны, вырашэння спрэчак, якія ўзнікаюць пры рэалізацыі правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, а таксама вопытам міжнароднага і міжведамаснага ўзаемадзеяння, накіраванага на развіццё сістэмы інтэлектуальнай уласнасці», – адзначыў Уладзімір Рабаволаў.


У канферэнцыі ўдзельнічаюць прадстаўнікі Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, Еўразійскай эканамічнай камісіі, Еўразійскай патэнтнай арганізацыі, а таксама прадстаўнікі нацыянальных патэнтных ведамстваў і навуковай грамадскасці Таджыкістана, Казахстана, Малдовы, Азербайджана, Арменіі і Расіі. Акрамя таго, удзел у канферэнцыі прымаюць члены ўрада, прадстаўнікі навукі, адукацыі, а таксама шырокае кола спецыялістаў у сферы інтэлектуальнай уласнасці.

«Прыемна ўсведамляць, што канферэнцыя выклікае цікавасць з боку вядучых тэарэтыкаў і практыкаў у сферы інтэлектуальнай уласнасці з розных краін. Гэта сведчыць аб імкненні да прафесійнага росту і гатоўнасці перадаць назапашаны вопыт», – дадаў генеральны дырэктар НЦІУ.

Вынікі канферэнцыі будуць апублікаваныя ў зборніку навуковых артыкулаў канферэнцыі. «Так, сёлета будзе апублікавана 127 матэрыялаў, у мінулым-106. Павялічылася колькасць і замежных матэрыялаў - з 16 да 32. Акрамя таго, мы пашыраем геаграфію ахопу нашай канферэнцыі. Калі ў 2022 годзе было задзейнічана 25 навучальных устаноў і іншых арганізацый, то ў гэтым годзе – 44, і 11 з іх –замежныя», – заявіў генеральны дырэктар НЦІУ.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Інтэлектуальная ўласнасць у сучасным свеце: выклікі часу і перспектывы развіцця» праходзіць 18-19 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Яе мэтай з'яўляецца аналіз стану, праблем, тэндэнцый развіцця пытанняў інтэлектуальнай уласнасці ў сферы права, эканомікі, дзяржаўнага кіравання, сістэме навукова-тэхнічнай інфармацыі, сацыяльнай і іншых сферах дзейнасці ў Беларусі і за мяжой, а таксама перспектыў развіцця інтэлектуальнай уласнасці ў сучасным свеце.

Удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць пытанні прававога рэгулявання інтэлектуальнай уласнасці, прававой аховы і абароны аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, у тым ліку ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт, эканамічныя і іншыя аспекты інтэлектуальнай уласнасці.

Па матэрыялах БЕЛТА

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: Уладзімір Воўк
Вверх