22.01.2024

БЕЛТА

19 студзеня 2024 г. у Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя «Аб Указе Прэзідэнта «Аб Дзяржаўным знаку якасці». Гістарычныя карані знакаў якасці на тэрыторыі Беларусі».

Дзяржаўны знак якасці, заснаваны ўказам Кіраўніка дзяржавы, будзе спрыяць пазнавальнасці прадукцыі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі сказала начальнік упраўлення таварных знакаў Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ) Наталля Сінішова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прадстаўніца НЦІУ звярнула ўвагу: сам па сабе знак якасці не з'яўляецца аб'ектам інтэлектуальнай уласнасці. «На яго не можа быць прадастаўлена выключнае права выкарыстання якому-небудзь аднаму суб'екту ў Беларусі. Яго асноўная задача – паказаць спажыўцу, што канкрэтны тавар канкрэтнага вытворцы адпавядае высокім якасным характарыстыкам», – падкрэсліла яна.

Па сваёй прыродзе знак якасці – гэта сертыфікацыйная і гарантыйная адзнака адначасова. «Прадукцыя, маркіраваная такім чынам, адпавядае ДАСТам, тэхнічным рэгламентам Беларусі. Для кожнага вытворцы атрыманне права выкарыстоўваць дзяржаўны знак якасці з'яўляецца прэстыжам і гонарам», – сказала Наталля Сінішова.

Надзяленне вытворцы правам выкарыстоўваць знак будзе спрыяць пазнавальнасці прадукцыі, павышэнню попыту, атрыманню пэўных маркетынгавых пераваг.

«Варта разумець: тавар, запатрабаваны на рынку, часцей падвержаны магчымай падробцы. Для абароны прадукцыі, адзначанай знакам якасці, неабходна ахова аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці. Гаворка не толькі пра таварныя знакі, але і пра прамысловыя ўзоры, вынаходствы, карысныя мадэлі. Усе тавары, якія адзначаць Дзяржаўным знакам якасці, павінны ахощвацца з пункту гледжання інтэлектуальнай уласнасці», – распавяла прадстаўніца НЦІУ.

Дзяржаўны знак якасці, адзначыла Наталля Сінішова, напэўна будуць спрабаваць выкарыстаць не па прызначэнні. Гэта можа стаць ударам не толькі для канкрэтнага вытворцы, але і для краіны ў цэлым. «Менавіта таму мы заклікаем усіх вытворцаў загадзя патурбавацца аб атрыманні прававой аховы на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці. Мы заўсёды гатовыя даць неабходныя кансультацыі або правесці навучанне для спецыялістаў прадпрыемстваў», – заключыла Наталля Сінішова. 

Па матэрыялах БЕЛТА

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: belta.by/

Вверх