31.01.2024

БЕЛТА

Колькасць заявак на аб'екты права прамысловай уласнасці павялічылася на 3,6 % у мінулым годзе. Аб гэтым расказаў першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксей Курман у ходзе падвядзення вынікаў работы Цэнтра за 2023 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Аляксея Курмана, папулярызацыя сферы інтэлектуальнай уласнасці, а таксама задачы, пастаўленыя ДКНТ па суправаджэнні заказчыкаў і выканаўцаў дзяржаўных праграм, правядзенне кансультацый, наведванне прадпрыемстваў і арганізацый і іншыя напрамкі дзейнасці НЦІУ даюць рэальны плён - расце колькасць заявак, якія падаюцца на аб'екты права прамысловай уласнасці.

Ён таксама звярнуў увагу на зацікаўленасць рэзідэнтаў Беларусі ў рэгіянальных працэдурах. «Мы выбудавалі і паспяхова развіваем трохступенчатую сістэму аховы права прамысловай уласнасці - нацыянальная, рэгіянальная і міжнародная працэдуры. Абарона экспартных паставак з дапамогай інструментаў НЦІУ - гэта тое, што мы спрабуем данесці да нашых прадпрыемстваў і выканаўцаў дзяржаўных праграм. Як вынік, Беларусь уваходзіць у тройку лідэраў па заяўніцкай актыўнасці краін - удзельніц Еўразійскай патэнтнай канвенцыі», - падкрэсліў ён.

Аляксей Курман зазначыў, што дзякуючы выкарыстанню трох інструментаў абароны права прамысловай уласнасці заяўнікі дэманструюць аптымістычны рост. Так, у мінулым годзе колькасць заявак на такія аб'екты павялічылася на 3,6 %. У прыватнасці, заявак на вынаходствы было пададзена амаль на 9 % больш, чым у 2022 годзе. Ёсць прырост колькасці еўразійскіх патэнтаў на вынаходствы і прамысловыя ўзоры, расце і колькасць міжнародных рэгістрацый прамысловых узораў.

Па матэрыялах БЕЛТА

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: Алена Васіленка

Вверх