29.09.2022

29 верасня 2022 г. у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) адбыўся навукова-практычны семінар па тэме «Арганізацыя дзейнасці Цэнтраў падтрымкі тэхналогій і інавацый і актуальныя пытанні аховы і кіравання правамі на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці».

Адкрываючы семінар, прарэктар па навуковай рабоце БДУІР Віктар Стэмпіцкі акцэнтаваў увагу на актуальнасці і значнасці прававой аховы аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці для навуковай дзейнасці маладых навукоўцаў і студэнтаў. Асаблівая ўвага да гэтага пытання пацвярджаецца таксама стварэннем яшчэ летась Цэнтра падтрымкі тэхналогій і інавацый на базе ўніверсітэта (ЦПТІ).

У сваю чаргу, генеральны дырэктар НЦІУ Уладзімір Рабаволаў падкрэсліў, што Беларусь уваходзіць у лік сусветных лідараў па экспарце ІТ-паслуг на душу насельніцтва. Штогадовы выпуск ІТ-спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у Беларусі складае каля 7 тысяч, але «асноўным пастаўшчыком» ІТ-спецыялістаў у краіне з'яўляецца менавіта БДУІР. Акрамя таго, ён дадаў, што створаны раней тут ЦПТІ спрашчае даследчыкам пошук інфармацыі аб існуючых распрацоўках, тым самым дапамагаючы актывізаваць навуковую працу маладых навукоўцаў, а таксама спрыяе яшчэ большаму павышэнню інтэлектуальнага патэнцыялу ВНУ.

Таксама ў ходзе дадзенага мерапрыемства эксперты НЦІУ ў сваіх выступах падзяліліся ведамі і вопытам у наступных сферах: падтрымка інавацый і развіццё сеткі ЦПТІ ў Рэспубліцы Беларусь; ацэнка мэтазгоднасці і выбар аптымальнай формы прававой аховы вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці; патэнтна-інфармацыйны пошук, яго віды і мэты; актуальныя пытанні аўтарскага права на творы навукі і інш.


Фота: НЦІУ
Вверх