02.12.2023

Уладзімір Лук'янавіч Шалюта нарадзіўся 2 снежня 1938 г. у пасёлку Свяцілавічы Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння Свяцілавіцкай сярэдняй школы ў 1956 г. паступіў у Магілёўскае медыцынскае вучылішча на фармацэўтычнае аддзяленне, якое скончыў у 1958 г. Быў прызваны ў рады Савецкай арміі, дэмабілізаваны ў 1961 г.

У 1961 г. У. Шалюта паступіў у Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут на фармацэўтычны факультэт, які з адзнакай скончыў у 1966 г. Быў пакінуты на кафедры аналітычнай і таксікалагічнай хіміі інстытута, дзе працаваў на пасадзе асістэнта, з 1975 па 1981 г. – старшы выкладчык кафедры. З 1979 па 1981 г. з'яўляўся намеснікам дэкана фармацэўтычнага факультэта.

У 1972 г. Уладзімір Шалюта паспяхова абараніў дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата фармацэўтычных навук па тэме «Вывучэнне флаваноідаў некаторых прадстаўнікоў роду Cirsium». Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі на працягу шэрагу гадоў плённа займаўся вывучэннем флаваноіднага складу раслін Рэспублікі Беларусь. Ім упершыню былі вылучаныя з раслін новыя флаваноідныя структуры, сярод якіх глікозід лютэаліна з выяўленай супрацьгерпетычнай актыўнасцю, што дазволіла прапанаваць новы прэпарат для лячэння герпесу – саліфазід.

З 1981 г. па чэрвень 2001 г. Уладзімір Лук'янавіч Шалюта ўзначальваў кафедру фармакагнозіі і батанікі з курсам ФПК Віцебскага медыцынскага інстытута. Адначасова з 1996 па 1997 г. з'яўляўся дэканам фармацэўтычнага факультэта. З ліпеня 2001 г. працаваў прафесарам названай кафедры.

У 1988 г. У. Шалюта паспяхова абараніў дысертацыю на атрыманне вучонай ступені доктара фармацэўтычных навук па тэме «Пошук біялагічна актыўных злучэнняў вытворных γ-пірона і распрацоўка нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі для стварэння і аналізу прэпаратаў на іх аснове» на пасяджэнні вучонага савета ў 1-м Маскоўскім медыцынскім інстытуце імя І. М. Сечанава.

Уладзімір Лук’янавіч Шалюта пакінуў больш за 120 навуковых і навукова-метадычных публікацый, сярод якіх 4 вынаходства, 1 патэнт,     3 тэхнічных рэгламента, 4 акта аб укараненні навуковых даследаванняў у практыку аховы здароўя і фармацэўтычнай службы. У дапамогу студэнтам фармацэўтычнага профілю прафесар падрыхтаваў і выдаў курс лекцый і практыкум па фармакагнозіі.

Разам з вучэбнай і навуковай працай прафесар У. Л. Шалюта прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці фармацэўтычнага факультэта, фармацэўтычнай грамадскасці краіны. Ён быў членам праблемнай камісіі фармацэўтычнага факультэта, атэстацыйнай камісіі па прысваенні кваліфікацыйных катэгорый спецыялістам-правізарам рэспублікі, членам вучонага савета інстытута і факультэта, экспертнага савета ВАК. З'яўляўся актыўным членам навуковага таварыства фармацэўтаў, прымаў удзел ва ўсіх з'ездах фармацэўтаў Беларусі.

Уладзімір Шалюта быў узнагароджаны медалём «За доблесную працу», знакам «Выдатнік аховы здароўя», граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства аховы здароўя.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: НЦІУ

Вверх