07.03.2024

Імя Васіля Пятровіча Раінчыка, стваральніка славутага вакальна-інструментальнага ансамбля «Верасы», шырока вядома не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі.

Нарадзіўся кампазітар 7 сакавіка 1950 г. у вёсцы Чарапы Шклоўскага раёна. Першапачатковую музычную адукацыю атрымаў у дзіцячай музычнай школе Шклова. Пасля вучыўся ў Магілёўскім музычным вучылішчы, у спецыялізаванай музычнай школе пры кансерваторыі ў Мінску. Васіль Раінчык скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу фартэпіяна В. Шацкага (1974) і па класу кампазіцыі Я. Глебава (1981).

Творчая дзейнасць музыканта была непарыўна звязана з ансамблем «Верасы». У 1974 г. калектыў стаў лаўрэатам Першага беларускага конкурсу артыстаў эстрады. А праз паўгода – пераможцам на V Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады ў Маскве. З гэтага часу ансамбль неаднаразова станавіўся пераможцам самых розных конкурсаў. Шмат сіл, творчай энергіі і таленту аддаў кампазітар калектыву, стварыўшы для яго вялікую колькасць песень. Многія з іх – «Малінаўка», «Караван», «Музыка для ўсіх» і іншыя, – выкананыя «Верасамі», сталі шлягерамі. У рэпертуары калектыву былі творы беларускіх кампазітараў – У. Будніка, Я. Глебава, Л. Захлеўнага, Д. Смольскага, В. Іванова, Ю. Семянякі, І. Лучанка, Э. Ханка і інш.

З’яўляючыся мастацкім кіраўніком ансамбля «Верасы», Васіль Раінчык разам з калектывам выступаў на самых знакамітых пляцоўках былога СССР і СНД, неаднаразова выязджаў на гастролі за мяжу. З пачатку 1980-х гг. ансамбль адзін з першых пачаў выкарыстоўваць камп’ютары і сінтэзатары, выконваць пераважна электронную музыку. Музыканту належыць шмат аранжыровак, арыгінальных электронных кампазіцый («Балеро», «Варыяцыі», «Тарантэла»), якія вызначаюцца яркім меладыйным малюнкам, свежымі тэмбравымі фарбамі, неардынарнасцю структуры.

Сёння Васіль Пятровіч Раінчык вядомы не толькі сваімі песнямі, але і шырокамаштабнай арганізацыйнай і прадзюсарскай дзейнасцю. З 2000 г. ён кіруе Маладзёжным тэатрам эстрады, аднавіў ансамблі «Верасы» і «Верасяты». Дзякуючы В. Раінчыку сфарміраваліся майстры эстрады Л. Ісупава, І. Дарафеева, Н. Мікуліч, дуэт Я. Паплаўская – А. Ціхановіч, В. Алешка і інш.

Васіль Раінчык – лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1980), у 1982 г. стаў заслужаным артыстам Беларусі. За заслугі ў развіцці і прапагандзе беларускага музычнага мастацтва, высокае майстэрства В. Раінчыку было прысвоена ганаровае званне народнага артыста Беларусі (1995). Таксама ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2006).

Васіль Пятровіч Раінчык з’яўляецца членам рэкамендацыйна-кансультатыўнага савета, створанага пры Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці, як арганізацыі па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі, у мэтах садзейнічання эфектыўнай ахове правоў аўтараў і іншых праваўладальнікаў у адпаведнасці з артыкулам 52 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах».

Падрабязней пра рэкамендацыйна-кансультатыўны савет можна даведацца па спасылцы.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram).


Фота: Алена Васіленка
Вверх