10.02.2024

Эмілія Іванаўна Каламіец нарадзілася 10 лютага 1949 г. у вёсцы Заполічы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці. У 1966 г. скончыла Поразаўскую сярэднюю школу, у 1971 г. − інжынерна-тэхналагічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута і атрымала спецыяльнасць інжынера-тэхнолага брадзільных вытворчасцяў.

У розныя гады займала пасады: інжынера ўчастка хімічных аналізаў Фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР; інжынера, старэйшага інжынера, малодшага, старэйшага, вядучага навуковага супрацоўніка, загадчыцы лабараторыі Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі; дырэктара Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі; генеральнага дырэктара Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі».

Сярод найбольш значных вынікаў навуковай дзейнасці Эміліі Іванаўны − стварэнне калекцыі прамыслова каштоўных мікраарганізмаў, перспектыўных для распрацоўкі біяпестыцыдаў, біядэзынфектантаў, прабіётыкаў, кармавых дабавак; устанаўленне механізмаў узаемадзеяння бактэрый-антаганістаў з патагенамі раслін і жывёл; расшыфроўка прыроды прадукаваных антымікробных метабалітаў і іх накіраваны сінтэз; распрацоўка арыгінальных тэхналогій стварэння біяпрэпаратаў з фітаахоўнай, дэзынфікуючай, рост- і імунастымулюючай актыўнасцю.

Навукова-тэхнічныя распрацоўкі, выкананыя пад кіраўніцтвам Э. Каламіец і пры яе непасрэдным удзеле, паспяхова ўкаранёны ў вытворчасць і запатрабаваныя як у Рэспубліцы Беларусь, так і за мяжой.

Эмілія Іванаўна Каламіец – аўтар больш за 460 навуковых прац, у тым ліку 4 калектыўных манаграфій, 25 вынаходстваў.

Узнагароджана ордэнам Пашаны (2019), ганаровымі граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, НАН Беларусі, еўразійскай прэміяй «За асаблівыя дасягненні», ордэнам Дружбы правінцыі Шаньдун (2018, Кітайская Народная Рэспубліка), мае ганаровыя званні «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь» (2014) і «Вучоны года НАН Беларусі» (2017).

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі


Фота: НЦІУ

Вверх