21.03.2023

20 сакавіка 1883 г. была падпісана Парыжская канвенцыя па ахове прамысловай уласнасці (Парыжская канвенцыя) – першы шматбаковы міжнародны дагавор, які заклаў асноўныя прынцыпы аховы вынаходстваў, прамысловых узораў, карысных мадэляў, таварных знакаў і іншых аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці (ІУ).

Сёння ўдзельнікамі Парыжскай канвенцыі з'яўляюцца 179 дзяржаў.

Рэспубліка Беларусь стала ўдзельніцай Парыжскай канвенцыі ў красавіку 1993 г. Адпаведнае рашэнне было замацавана ў пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 1993 г. № 141 «Аб правапераемнасці Рэспублікі Беларусь у дачыненні да міжнародных пагадненняў па пытаннях аховы прамысловай уласнасці».

Дадзенае міжнароднае пагадненне стала першым крокам у рамках намаганняў, закліканых спрыяць аўтарам і распрацоўнікам забяспечыць ахову іх інтэлектуальных твораў у сусветным маштабе.

Парыжскай канвенцыяй былі ўпершыню сфармуляваны асноўныя паняцці сферы ІУ, прынцыпы функцыянавання нацыянальных сістэм прававой аховы ІУ і іх узаемадзеяння, правы аўтараў, вынаходнікаў і патэнтаўладальнікаў.

З поўным тэкстам Парыжскай канвенцыі можна азнаёміцца на афіцыйным сайце Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці ў раздзеле «Заканадаўства». Дадзеная частка пастаянна папаўняецца актуальнымі нарматыўна-прававымі актамі ў сферы ІУ.

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: pixabay.com/
Вверх