18.11.2023

Нарадзіўся Анатоль Ільіч Вярцінскі 18 лістапада 1931 г. у в. Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. У час Вялікай Айчыннай вайны разам з маці знаходзіўся на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, А. Вярцінскі ў 1951 г. паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях раённых газет у Давыд-Гарадку, Камянцы, Клімавічах, Рагачове. Пасля пераезду ў Мінск у 1962 г. супрацоўнічаў з газетай «Літаратура і мастацтва», быў рэдактарам мастацкай літаратуры ў выдавецтве «Беларусь». У 1967-1982 гг. – літаратурны кансультант па паэзіі, сакратар Саюза пісьменнікаў БССР. У 1986-1990 гг. працаваў галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1964 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. З 1990 па   1996 г. быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання.

З вершаванымі творамі ўпершыню выступіў на старонках універсітэцкай шматтыражнай газеты ў 1951 г., у рэспубліканскім друку ў 1954 г. у газеце «Чырвоная змена». Першы паэтычны зборнік «Песня пра хлеб» быў выдадзены ў 1962 г., у яго ўвайшлі лірычныя вершы і аднайменная паэма. Раннія творы пісьменніка прысвечаны вясковаму і студэнцкаму жыццю, выпрабаванням мінулай вайны.

У сваёй паэзіі аўтар арганічна спалучае сацыяльнае і нацыянальнае з агульначалавечым, ён арыентуе чытача на спасціжэнне высокага ідэалу, на пошукі ім гармоніі, глыбокае разуменне сэнсу жыцця. Значнае месца ў творчасці паэта займаюць тэмы вайны («Рэквіем па кожным чацвёртым», «Плач спаленай вёскі», «Вечны сон, вечны звон», «Два полі», «Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня»), нацыянальнай самасвядомасці беларусаў («Баіцца быць беларус беларусам», «Пра дараванне», «Слова на развітанне. Пярэдадзень міленіума» і інш.). Ён часта звяртаецца да вобразаў маці, роднай хаты, вяскоўцаў (вершы «Мы жывём, каб вярнуцца», «Замест эпітафіі», «А я і не ведаў», «Дзень добры, мама!», цыкл «Спі, родная», паэма «Дажынкі» і інш.).

У ліра-эпічных паэмах А. Вярцінскі асэнсоўвае вечныя праблемы чалавечага жыцця, маральныя каштоўнасці. У «Песні пра хлеб» (1962) раскрыты характэрныя рысы творчасці пісьменніка – спалучэнне эмацыянальнага і рацыянальнага пачаткаў, узаемадзеянне з беларускай літаратурнай традыцыяй, фальклорнасць. Яна вылучаецца народнасцю, каларытнасцю, натуралістычнасцю, сімвалічнасцю апісання сялянскага побыту. Паэма «Заазер’е» (1968) прысвечана маці і лічыцца своеасаблівым сыноўнім гімнам, маналогам вялікай паэтычнай сілы. Значным літаратурным дасягненнем А. Вярцінскага стала паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979), у якой аўтар выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, вернасць высокім ідэалам чалавецтва. У аснове твора ляжыць ідэя, што чалавек з’яўляецца актыўным творцам асабістага лёсу, а не падуладны толькі волі абставін, ён верыць у свае сілы, дабрату людзей і светлую будучыню. Паэт працаваў і ў жанры драматургіі. Ён напісаў п’есы для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (пастаўлена ў 1974 г.), «Скажы сваё імя, салдат» (пастаўлена ў 1975 г.), «Гефест – друг Праметэя» (пастаўлена ў 1984 г.). Таксама Анатоль Вярцінскі пераклаў на беларускую мову п’есы «Раба свайго каханага» Лопэ дэ Вэгі, «Безыменная зорка» М. Себасцьяна, «Спяшаюся за летам» В. Пальчынскайтэ, якія былі пастаўлены ў тэатрах Беларусі, а таксама асобныя творы класічнай і сучаснай балгарскай, венгерскай, кубінскай, латышскай, літоўскай, польскай, рускай паэзіі.

А. Вярцінскі вядомы і як аўтарытэтны крытык, чыя публіцыстыка вылучаецца актуальнасцю, наватарскімі поглядамі на літаратурна-грамадскія з’явы і праблемы. Яго артыкулы, рэцэнзіі, эсэ, дыялогі, інтэрв’ю і выступленні сабраны ў кнігах «Высокае неба ідэала» (1980), «Нью-Йоркская сірэна» (1987), «Трывожны досвітак» (1994) і «Тым часам…» (2020).

Літаратурная і публіцыстычная дзейнасць А. Вярцінскага адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР імя П. М. Лепяшынскага ў вобласці публіцыстыкі і журналістыкі (1988), Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1996), Літаратурнай прэміяй імя Міхася Стральцова (2019). Заслужаны работнік культуры Беларусі (1991).

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: НЦІУ

Вверх