24.02.2024

Пётр Маркавіч Кузюковіч нарадзіўся 24 лютага 1924 г. у весцы Повязень Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці ў беднай сялянскай сям'і. З 1930 г. вучыўся ў пачатковай школе ў Радашковічах, пасля заканчэння паступіў у Віленскую гімназію, з 1939 г. па 1941 г. вучыўся ў Мінску ў школе № 60. З 1941 г. па 1944 г. працаваў на сялянскім падворку бацькі, у 1945 г. паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут.

Пасля заканчэння інстытута Пётр Кузюковіч працаваў урачом Свіслацкай раённай бальніцы, затым хірургам Ваўкавыскай бальніцы, загадчыкам хірургічнага аддзялення Слонімскай раённай бальніцы. У      1957 г. прайшоў курсы ўдасканалення па грудной хірургіі і сухотах у Цэнтральным інстытуце ўдасканалення ўрачоў і пачаў працаваць загадчыкам хірургічнага аддзялення Слонімскага процітуберкулёзнага дыспансера. Ва ўмовах раённай бальніцы Пётр Маркавіч адным з першых у Беларусі арганізаваў аказанне кваліфікаванай хірургічнай дапамогі хворым на сухоты лёгкіх. У 1959 г. быў пераведзены ў Беларускі навукова-даследчы інстытут туберкулёзу на пасаду навуковага супрацоўніка - лекара хірургічнага аддзела.

У 1962 г. Пётр Маркавіч Кузюковіч абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Рэзекцыя лёгкіх пры сухотах», у 1969 г. – доктарскую дысертацыю «Хірургічнае лячэнне распаўсюджаных формаў туберкулёзу лёгкіх». У 1971 г. Пятру Кузюковічу прысвоена званне прафесара.

З 1971 г. па 1974 г. ён быў намеснікам дырэктара БелНДІ туберкулёзу па навуковай рабоце. Гэты перыяд працы з'яўляўся самым прадуктыўным у развіцці лёгачнай хірургіі ў Беларусі. У 1974 г. ён быў запрошаны на пасаду прафесара на кафедру фтызіятрыі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў, дзе працаваў да жніўня 1992 г. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам было адкрыта аддзяленне грудной хірургіі ў Мінскім абласным процітуберкулёзным дыспансеры (Бараўляны), дзе грунтавалася кафедра пульманалогіі і фтызіятрыі Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканалення ўрачоў.

П. Кузюковіч з’яўляўся высокакваліфікаваным спецыялістам у галіне лёгачнай хірургіі, таленавітым арганізатарам навучальнага працэсу, плённым навуковым работнікам. Пад яго кіраўніцтвам паспяхова распрацоўваліся метады інтэнсіўнай тэрапіі і хірургічнага лячэння неспецыфічных захворванняў органаў дыхання, дыферэнцыяльнай дыягностыкі бронхалёгачнай паталогіі.

Навуковая дзейнасць П. М. Кузюковіча ахоплівала розныя аспекты фтызіяхірургіі і пульманалогіі. Ім выдадзены 2 манаграфіі: «Ужыванне механічнага шва пры хірургічным лячэнні туберкулёзу лёгкіх» і «Хірургічнае лячэнне хворых распаўсюджанымі формамі туберкулёзу лёгкіх». Таксама П. Кузюковіч актыўна ўкараняў рэзекцыйныя метады лячэння хворых на туберкулёз у процітуберкулёзных санаторыях і тубдыспансерах Беларусі (менавіта ім і яго вучнямі выкананы тысячы падобных аперацый).

Таксама П. Кузюковіч быў старшынёй праблемнай камісіі «Паталогія органаў дыхання» пры Вучоным медыцынскім савеце Міністэрства аховы здароўя БССР, экспертам камісіі ВАК па лёгачнай хірургіі, намеснікам старшыні абласнога таварыства хірургаў.

За плённую навуковую і арганізацыйна-метадычную работу Пётр Кузюковіч узнагароджаны медалём «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна», значком «Выдатніку аховы здароўя», неаднаразова адзначаўся падзякамі і прэміямі Міністэрства аховы здароўя БССР.

Выдатная асоба, прафесіянал, які валодаў бліскучай тэхнікай апэрыравання, ён заўсёды прыцягваў да сябе маладых хірургаў, што спрыяла развіццю агульнай справы. Пётр Маркавіч Кузюковіч падрыхтаваў 6 кандыдатаў і 1 доктара медыцынскіх навук. Яго вучні працуюць у многіх галінах нашай рэспублікі і за яе межамі.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram).


Фота: НЦІУ
Вверх