25.01.2024

У Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэс-канферэнцыя, прымеркаваная да Дня беларускай навукі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь (ДКНТ), Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя.

Старшыня ДКНТ Сяргей Шлычкоў распавёў аб планаваных мерапрыемствах, прысвечаных Дню беларускай навукі, а таксама аб рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці.

«Па стане на снежань 2023 года у Беларусі акрэдытавана ў якасці навуковых арганізацый 244 юрыдычныя асобы. Усяго ў 2023 годзе ў нашай краіне выконваліся ў рамках толькі навукова-тэхнічных праграм і мерапрыемстваў па навуковым забеспячэнні дзяржпраграм каля 800 навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх, доследна-тэхналагічных работ. Па дзяржпраграме інавацыйнага развіцця выконваецца 86 праектаў», – адзначыў Сяргей Шлычкоў.

Таксама Старшыня ДКНТ назваў некалькі найбольш значных распрацовак: у галіне машынабудавання – новыя мадэлі камбайнаў, інтэгральныя мікрасхемы, у галіне аховы здароўя – новыя метады хірургічнага лячэння з выкарыстаннем 3D-тэхналогій, у аграпрамысловым комплексе – новыя гатункі раслін і пароды жывёл, новыя тэхналогіі і прадукцыя харчовай прамысловасці.

З 2016 года па цяперашні час колькасць суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры павялічылася з 18 арганізацый да 25 (у тым ліку тэхнапаркаў – з 10 да 17), аб'ём вырабленай рэзідэнтамі прадукцыі павялічыўся ў 6 разоў.

Па матэрыялах ДКНТ

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: gknt.gov.by

Вверх