25.11.2023

Вялікі ўклад у станаўленне і развіццё беларускага нацыянальнага кінематографа ўнесла педагог, кінакрытык, заслужаны дзеяч навукі Беларусі Ефрасіння Леанідаўна Бондарава.

Нарадзілася Ефрасіння Бондарава 25 лістапада 1922 г. у в. Гапонава Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння школы паступіла на гістарычны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта. Свой журналісцкі шлях Е. Бондарава пачынала ў Лёзненскай раённай газеце «Ленінскі сцяг» літсупрацоўнікам, адказным сакратаром, адначасова працавала на радыё дыктарам. У 1945 г. паступіла на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Менавіта гэты час стаў пачаткам сур’ёзнай журналісцкай дзейнасці: супрацоўнічала з рэдакцыямі газет «Знамя юности», «Чырвоная змена», працавала карэспандэнтам рэдакцыі «Апошнія паведамленні» на Беларускім радыё.

Сапраўдным захапленнем пачынаючай журналісткі, яе будучым лёсам стала кіно. У 1948 г. Е. Бондарава была запрошана на працу рэдактарам-кансультантам Міністэрства кінематаграфіі БССР. Яна перачытала шмат сцэнарыяў, літаратуры пра кіно, прагледзела шмат фільмаў, ездзіла ў камандзіроўкі ў Маскву і Ленінград, дзе ў фільмасховішчах вывучала вытворчы працэс – ад запуску фільма да прэм’еры. Калі Міністэрства кінематаграфіі БССР было аб’яднана з Міністэрствам культуры БССР, Е. Л. Бондараву прызначылі галоўным рэдактарам па вытворчасці фільмаў. У 1949 г. скончыла ўніверсітэт і паступіла ў аспірантуру. У гэтым жа годзе з’явілася яе першая рэцэнзія на вядомы пасляваенны беларускі фільм «Канстанцін Заслонаў». Пасля заканчэння аспірантуры ў 1953 г. і абароны кандыдацкай дысертацыі па тэме «Традиции революционных демократов в советской литературно-художественной критике» пачала выкладаць на факультэце журналістыкі шматлікія спецкурсы, семінары і асноўны свой курс літаратурна-мастацкай крытыкі. Беручы складаныя і нераспрацаваныя курсы, Ефрасіння Бондарава імкнулася знаходзіць новыя, незвычайныя падыходы ў асэнсаванні развіцця сучаснага нацыянальнага кінапрацэсу і адлюстраванні яго ў сродках масавай інфармацыі (СМІ). У 1975 г. у Маскве абараніла доктарскую дысертацыю «Проблемы белорусского киноискусства и печать (отражение диалектики времени в образах героев экрана и жанрах кинокритики)». Пра педагагічны талент Ефрасінні Леанідаўны сведчыць той факт, што ў розныя гады яе вучнямі былі такія знакамітыя літаратуразнаўцы, тэатразнаўцы, драматургі, пісьменнікі, кінарэжысёры, як А. Мальдзіс, А. Сабалеўскі, І. Пташнікаў, І. Чыгрынаў, І. Дабралюбаў, А. Алай, Р. Ясінскі, В. Дашук, П. Васючэнка і інш.

На рахунку Е. Л. Бондаравай – шэраг сцэнарыяў дакументальных фільмаў, спецыяльных выпускаў кінахронікі, творчых партрэтаў дзеячаў кіно. Ефрасінню Леанідаўну па праву лічаць заснавальнікам беларускай школы кінакрытыкі. Яна аўтар навуковых работ, грунтоўных даследаванняў па кінамастацтве, крытычных і публіцыстычных артыкулаў, манаграфій – «В кадре и за кадром» (1973), «Время, экран, критика» (1975), «Кинолента длиною в жизнь» (1980), «Экран в разных измерениях» (1983), «Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране» (1993), «Мастацтва і крытыка» (1999), «От сердца – к сердцу» (2001), «Освещение литературы и искусства в СМИ» (2004) і інш. Падрыхтавала некалькі навучальных дапаможнікаў па літаратурна-мастацкай крытыцы і прынцыпах асвятлення літаратуры і мастацтва ў СМІ.

На працягу доўгага часу доктар навук, прафесар Е. Л. Бондарава была старшынёй секцыі кінакрытыкаў Беларусі, членам мастацкага савета кінастудыі «Беларусьфільм», старшынёй метадычнага савета Рэспубліканскага Дома кіно, членам трох творчых саюзаў: Беларускага саюза журналістаў, Беларускага саюза кінематаграфістаў і Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў. У 1997 г. Беларускі саюз журналістаў прысвоіў ёй званне ганаровага журналіста рэспублікі. Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў неаднаразова адзначаў прэміямі і ганаровымі граматамі, Беларускі саюз кінематаграфістаў узнагародзіў медалём за выдатныя заслугі ў развіцці беларускага кінематографа. У 2002 г. за манаграфію «От сердца – к сердцу», актуальныя крытычныя артыкулы аб беларускім кінематографе, апублікаваныя ў 2001–2002 гг., яна стала лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: НЦІУ

Вверх