03.08.2023

Шлях у навуку Барыса Барысавіча Бойкі, вядомага вучонага-фізіка, быў няпростым. Ён нарадзіўся ў в. Ходараўка Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям'і агранома, марыў стаць лётчыкам. У 1941 г. закончыў спецыяльную школу ваенна-паветраных сіл (ВПС) у Мінску, вучыўся ў авіяцыйнай школе пад Уфой (Расія). У 1944 г. скончыў у Батайску (Расія) школу знішчальнай авіяцыі, служыў у арміі. У 1946 г. паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ) на фізіка-матэматычны факультэт. Нягледзячы на цяжкія пасляваенныя гады і пяцігадовы перапынак у вучобе, Б. Бойка стаў першым беларускім фізікам, які адначасова атрымаў навуковыя ступені кандыдата і доктара фізіка-матэматычных навук (1965 г.), стаў членам-карэспандэнтам (1969 г.), акадэмікам АН БССР (1974 г.), прафесарам (1976 г.). У 1978 г. атрымаў ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Беларусі».

Уся навуковая дзейнасць Б. Бойкі была звязана з фізікай: з 1951 г. працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце АН БССР, з 1960 г. – у Інстытуце фізікі, у 1975–1993 гг. узначальваў Інстытут фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў НАН Беларусі.

Вучоным распрацаваны тэарэтычныя і эксперыментальныя асновы палярызацыйна-аптычнага метаду даследавання працэсаў вязкага цячэння, ён стварыў шэраг новых варыянтаў квантавых генератараў, вывучаў новыя высокатэмпературныя звышправодныя матэрыялы. Б. Бойка з’яўляецца аўтарам шэрагу вынаходніцтваў, надрукаваў больш за 200 навуковых прац па фізічнай оптыцы, квантавай электроніцы і фізіцы цвёрдага цела.

У 1990 г. Б. Бойка стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Заслугі вучонага былі адзначаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1981 г.), Айчыннай вайны І ступені (1985 г.), медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: ru.wikipedia.org/

Вверх