23.09.2023

Хвядос Сяргеевіч Шынклер нарадзіўся 22 верасня 1903 г. у Заслаўі (Мінскі раён) у сям’і чыгуначніка. З 1914 па 1920 г. вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы. З 1919 г. працаваў на чыгунцы тэлеграфістам, пасля бібліятэкарам, загадчыкам клуба ў Рудзенску. Быў удзельнікам літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Дэбютаваў допісамі ў газеты ў     1922 г. У 1929-1931 гг. – супрацоўнік бабруйскай газеты «Камуніст», са снежня 1931 г. – сакратар раённай транспартнай газеты «Ударнік» у Жлобіне. У выданнях выступаў з рэцэнзіямі, артыкуламі, нарысамі пад псеўданімамі Сяргееў, Шынклер Кв., Явар, Явар Хв., Явар Хвядос, Явар Я. У 1935-1941 гг. працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя». На пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў эвакуяваны ў Свярдлоўск. У 1942 г. пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную армію. Чатыры месяцы вучыўся ў ваенным вучылішчы ў Кыштыме (Чалябінская вобласць).

Першае апавяданне надрукаваў у 1928 г. Асобнымі выданнямі выйшлі апавяданне «Ічэ» (1929), зборнік апавяданняў «Стрэлачнік Мігай» (1930), апавяданне «Блок» (1933), аповесці «Сонца пад шпалы» (1933), «Запіскі інструктара Томана» (1934), «Пульс жыцця» (1950, выходзіла на рускай мове ў 1942 г. у Маскве). Аўтар аповесці для дзяцей «Петрык-завадатар» (1935). У 1960 г. выйшаў зборнік выбраных твораў, у 1984 г. – кніга апавяданняў, аповесцей, успамінаў «Апошні рэйс».

Хвядос Шынклер з’яўляецца аўтарам п'есы «Пачэсны рэйс» (1939), кінасцэнарыя «Шчаслівы шлях» (з Ю. Рудзько, 1940). 

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: Freepik
Вверх