24.06.2023

Класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі) нарадзіўся на Случчыне, у маёнтку Боркі, але самым дарагім месцам на зямлі стала для яго мястэчка Цімкавічы, адкуль паходзілі бацькі і куды сям’я пераехала ў 1908 г. Гэта мястэчка пад назвай Сумлічы пісьменнік узгадвае потым у многіх сваіх творах.

У 1916 г. Мікалай закончыў у Цімкавічах народнае вучылішча і паступіў у дэмакратычную на той час навучальную ўстанову – Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.

Творчае станаўленне Кузьмы Чорнага праходзіла вельмі актыўна. У 1925 г. выйшлі два зборнікі апавяданняў «Срэбра жыцця» і «Апавяданні». У 1926 г. убачылі свет кнігі «Па дарозе», «Пачуцці», «Хвоі гавораць». Раннія апавяданні перадаюць захапленне пісьменніка жыццём, радасцю адкрыцця новага. Змест іх быў традыцыйным для савецкай літаратуры першых паслякастрычніцкіх дзесяцігоддзяў: барацьба новага са старым («Маё дзела цялячае»), вітанне пераўтварэнняў, якія несла савецкая ўлада («Свята працы і свету», «Жалезны крык»), усталяванне новых узаемаадносін паміж людзьмі («Не хачу гэтак») і інш. Выдатным дасягненнем беларускай прозы лічыцца раман «Зямля» (1928) – твор пра непарыўную сувязь чалавека з зямлёй. Аўтар апісвае жыццё маленькай вёскі, яе жыхароў, і тыя здарэнні, якія штодня адбываюцца з імі.

«Кузьма Чорны – выдатны мастак, – гаворыць даследчык яго творчасці Мікалай Мішчанчук. – У складаны, драматычны, поўны ідэалагічных забаронаў час ён здолеў узняць агульначалавечыя праблемы, паказаць тое, што трывожыла простых людзей, паспачуваць ім і па магчымасці абараніць. Кузьма Чорны – гонар і сумленне беларускага народа, яго прарок і абаронца».

З базы дадзеных Магілёўскай абласной бібліятэкі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: bel.sputnik.by/

Вверх