13.05.2023

Іосіф Віктаравіч Залуцкі нарадзіўся 5 верасня 1950 г. у в. Мумішкі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. У 1969 г. скончыў Маладзечанскае медыцынскае вучылішча, у 1978 г. – Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут.

У 1978–1982 гг. працаваў клінічным ардынатарам, урачом-радыёлагам радыялагічнага аддзялення Навукова-даследчага інстытута анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Міністэрства аховы здароўя БССР. У 1985–1990 гг. – малодшы навуковы супрацоўнік, з 1990 г. – старшы навуковы супрацоўнік, кіраўнік аддзялення рэабілітацыі, з 1991 г. – вядучы навуковы супрацоўнік аддзялення рэабілітацыі і брахітэрапіі, у 1994–2000 гг. – загадчык аддзялення агульнай анкалогіі і пластычнай хірургіі Навукова-даследчага інстытута анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. З 2000 г. – дырэктар ДУ «Навукова-даследчы інстытут анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М.М. Аляксандрава». Адначасова ў 1999–2007 гг. – загадчык кафедры анкалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. З 2010 па 2018 г. – намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі, дырэктар Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі.

Галіна навуковых інтарэсаў І.В. Залуцкага – распрацоўка і ўкараненне ў клінічную практыку метадаў дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі анкалагічных хворых; вывучэнне магчымасці рэканструктыўных і аднаўленчых аперацый як вядучага звяна медыцынскай рэабілітацыі анкалагічных хворых. Ажыццявіў на практыцы ідэю выканання радыкальных аперацый у хворых з пухлінамі апорна-рухальнага апарата, мяккіх тканін, галавы і шыі.

І.В. Залуцкі – аўтар больш за 300 навуковых і навукова-метадычных работ, у т. л. 7 манаграфій, больш за 20 патэнтаў на вынаходніцтвы.

З базы дадзеных Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: csl.bas-net.by/
Вверх