05.07.2023

У прадстаўленым юбілейным (100-м) нумары часопіса асаблівая ўвага нададзена гісторыі развіцця часопіса за 25 гадоў, а таксама мінуламу рэгіянальнаму семінару «Інтэлектуальная ўласнасць – ключавы фактар інтэграцыі на еўразійскай прасторы», таксама ў ім разглядаюцца праблемы і супярэчнасці ў прававым рэгуляванні адносін у сферы інтэлектуальнай уласнасці: класіфікацыя і тэндэнцыі заканадаўства, стымуляванне экспарту з выкарыстаннем аб'ектаў права прамысловай уласнасці і многае іншае.

Рубрыка «ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЯ ЎЛАСНАСЦЬ: ЗАКАНАДАЎСТВА»

«Кіраванне брэндам як прававы інстытут і метадалогія кіравання гаспадарчай дзейнасцю»

Наталля БАНДАРЭНКА, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, загадчык кафедры гаспадарчага права, доктар юрыдычных, навук, прафесар;

Юрый КАНАНЕВІЧ, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, старшы выкладчык кафедры гаспадарчага права

Прадстаўленае даследаванне з'яўляецца лагічным працягам публікацыі «Аб'екты публічнай ідэнтыфікацыі як новы тып аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці» і прысвечана праблематыцы выкарыстання аб'ектаў публічнай ідэнтыфікацыі ў грамадзянскім абароце. У артыкуле зроблена спроба сфармаваць дактрынальнае бачанне інстытута кіравання брэндам і інстытута калектыўнага кіравання краінавым брэндам. Імплементацыя ў нацыянальную сістэму права інстытута кіравання брэндам дазволіць вырашыць комплекс праблем эканамічнага, сацыяльнага і нават палітычнага характару, у прыватнасці сфармаваць нацыянальную сістэму брэндынгу, стварыць дадатковы механізм абароны выключных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, сфармаваць кваліметрычную аснову для ацэнкі якасці вырабляемых нацыянальнымі вытворцамі тавараў і прымаемых рашэнняў пры кіраванні вытворчай палітыкай. Імплементацыя інстытута калектыўнага кіравання краінавым брэндам дазволіць ажыццяўляць эфектыўнае кіраванне краінавым брэндам Рэспублікі Беларусь.

«Прабелы і супярэчнасці ў прававым рэгуляванні адносін у сферы інтэлектуальнай уласнасці: класіфікацыя і тэндэнцыі развіцця заканадаўства»

Кацярына ЯНЦІКАВА, кансультант упраўлення прававога забеспячэння і кантролю за выкананнем заканадаўства Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь

У артыкуле абагульняюцца вынікі прававога маніторынгу ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, аналізу правапрымяняльнай практыкі і нацыянальнага заканадаўства ў гэтай сферы, вынікі навуковых даследаванняў, на падставе якіх па розных крытэрыях класіфікуюцца наяўныя на сённяшні дзень прабелы і супярэчнасці прававога рэгулявання ў разгляданай сферы, вызначаюцца асноўныя тэндэнцыі далейшага развіцця заканадаўства па вылучаемых групах, а таксама робіцца выснова аб неабходнасці ў мэтах ліквідацыі наяўных прабелаў і супярэчнасцяў сістэматызаваць заканадаўства ў сферы інтэлектуальнай уласнасці ў форме кадыфікацыі.

Рубрыка «ПАТЭНТНАЕ ПРАВА»

«Стымуляванне экспарту з выкарыстаннем аб'ектаў права прамысловай уласнасці»

Аляксей КУРМАН, першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці;

Юрый НЕЧАПУРЭНКА, начальнік навукова-інавацыйнага аддзела ўстановы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта «Навукова-даследчы інстытут фізіка-хімічных праблем», кандыдат хімічных навук;

Дзмітрый АНДРЫЕЎСКІ, начальнік упраўлення садзейнічання камерцыялізацыі і дзяржаўных рэестраў Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці

У артыкуле выкананы параўнальны аналіз стану замежнага патэнтавання ў свеце і ў Рэспубліцы Беларусь. Паказана, што патэнтнае права шырока выкарыстоўваецца для аховы экспартных паставак прадукцыі (тавараў і паслуг) рэзідэнтамі вядучых эканомік на ўсіх сусветных рынках з выкарыстаннем міжнароднай, рэгіянальнай і нацыянальнай працэдур. Устаноўлена, што ў краінах замежжа рэзідэнты Рэспублікі Беларусь актыўна выкарыстоўваюць патэнтаванне сваіх вынаходстваў па нацыянальнай працэдуры толькі ў Расійскай Федэрацыі і ва Украіне, а ў дзяржавах Еўразійскага эканамічнага саюза – па рэгіянальнай працэдуры ў адпаведнасці з Еўразійскай патэнтнай канвенцыяй. Прапанаваны меры па стымуляванню замежнага патэнтавання вынаходстваў ў мэтах пашырэння геаграфіі і прававой аховы экспарту прадукцыі нацыянальных вытворцаў.

«Патэнтнае права Беларусі: актуальныя праблемы развіцця заканадаўства»

Сяргей ЛОСЕЎ, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела даследаванняў у галіне грамадзянскага, экалагічнага і сацыяльнага права Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь

У артыкуле разглядаюцца ключавыя праблемы, з якімі сутыкаецца патэнтнае права Беларусі. Аўтар прыходзіць да высновы аб неабходнасці сістэмнага перагляду нормаў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб патэнтах на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры», які можа быць ажыццёўлены ў працэсе кадыфікацыі заканадаўства аб інтэлектуальнай уласнасці.

Рубрыка «АБАРОНА ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЙ УЛАСНАСЦІ»

«Крымінальна-прававая абарона выключных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці»

Дар'я БАРЗЕНКА, спецыяліст аддзела садзейнічання камерцыялізацыі ўпраўлення садзейнічання камерцыялізацыі і дзяржаўных рэестраў Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці

Абарона выключных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці – адзін з ключавых фактараў развіцця эканомікі інавацыйнага тыпу. Аб'ектамі крымінальна-прававой абароны з'яўляюцца правы на аб'ектыўна выяўленыя вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, а таксама сродкі індывідуалізацыі. Уладальніку маёмасных правоў на вынік інтэлектуальнай дзейнасці (за выключэннем сакрэтаў вытворчасці) або сродак індывідуалізацыі належыць выключнае права правамернага выкарыстання гэтага аб'екта інтэлектуальнай уласнасці па сваім меркаванні ў любой форме і любым спосабам, ён можа перадаваць гэта права іншай асобе альбо распарадзіцца ім іншым чынам, калі гэта не супярэчыць дзеючаму заканадаўству. Меры па крымінальна-прававой абароне правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці ў большасці краін фіксуюцца ў Крымінальным кодэксе альбо ў спецыяльных заканадаўчых актах. Крымінальна-прававая абарона выключных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці прадугледжвае такія меры ўздзеяння, як штрафы, абмежаванне альбо пазбаўленне права займацца пэўнымі відамі дзейнасці, грамадскія і папраўчыя работы, арышт, абмежаванне волі, пазбаўленне волі і інш.

Рубрыка  «АЎТАРСКАЕ ПРАВА І СУМЕЖНЫЯ ПРАВЫ»

«Аб прававой прыродзе адносін па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі»

Вольга ІЛЬІНА, магістр права, начальнік аддзела заканадаўства ў сферы аўтарскага і сумежных правоў кіравання прававога і кадравага забеспячэння Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці;

Вікторыя ШАДРЫНА, вядучы спецыяліст аддзела заканадаўства ў сферы аўтарскага і сумежных правоў упраўлення прававога і кадравага забеспячэння Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці

Артыкул прысвечаны пытанням прававой прыроды адносін па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі на творы і аб'екты сумежных правоў. У артыкуле даецца агульная характарыстыка названай дзейнасці, а таксама яе параўнанне з іншымі падобнымі відамі дзейнасці (дзейнасцю паручыцеля, камісіянера, давернага кіраўніка маёмасцю). Па выніках даследавання зроблены вывад аб асаблівай прававой прыродзе адносін па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі аўтараў і іншых праваўладальнікаў.

Запрашаем да супрацоўніцтва аўтараў (прафесарска-выкладчыцкі састаў, аспірантаў і магістрантаў вышэйшых навучальных устаноў, навуковых работнікаў Рэспублікі Беларусь і замежных краін у сферы інтэлектуальнай уласнасці) для напісання і апублікавання навуковых і навукова-практычных артыкулаў.

Любы жадаючы можа аформіць падпіску на часопіс «Інтэлектуальная ўласнасць у Беларусі» (падпісныя індэксы ў каталогах «Белпошта»: 009212 (ведамасная), 00921 (індывідуальная)):

у аддзяленнях паштовай сувязі РУП «Белпошта»;

праз сістэму «Інтэрнэт-падпіска»;

на сайце РУП «Белпошта» www.belpost.by;

пры дапамозе плацежна-даведачных тэрміналаў;

дома.

Таксама фізічныя асобы могуць аформіць падпіску на PDF-версію часопіса на сайце ТАА «Электронныя сістэмы і сэрвісы» www.belpressa.by.

Больш падрабязная інфармацыя аб часопісе размешчана на афіцыйным сайце Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці па спасылцы.


Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).

Вверх