Пытанне: Час ад часу сутыкаемся з запытамі з Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці па спісу тавараў і паслуг міжнароднай заяўкі, у якіх нам прапануецца паслугу аптовага і рознічнага гандлю таварамі якога-небудзь класа МКТП замяніць паслугай аптовага і рознічнага гандлю з пералікам пэўных тавараў. Патлумачце, калі ласка, што гэта значыць і што нам з гэтым трэба рабіць?

Адказ: Сапраўды, падобныя запыты прыходзяць з Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (далей – САІУ). Яны могуць датычыцца не толькі гандлю, але і іншых паслуг або тавараў, у назву якіх уключана спасылка на нумар класа МКТП («гандаль таварамі 29 і 30 класаў», «рамонт інструментаў, уключаных у 09 клас», «тэставанне абсталявання, якое адносіцца да 10 класа»).

Такія запыты – частка палітыкі САІУ па «ачыстцы» спісаў міжнародных рэгістрацый ад любых спасылак, як на тавары, названыя ў іншых класах спісу гэтага ж знака (унутраныя спасылкі), так і на тавары, у рамках гэтага спісу не названыя (спасылкі на нумары класаў МКТУ).

У частцы ўнутраных спасылак Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (далей – НЦІУ) палітыку САІУ падтрымлівае: пералікі не павінны змяшчаць указанняў «вышэйпералічаныя», «вышэйпаказаныя» і эквівалентных ім. Гэта робіць спісы больш вызначанымі, а таксама здымае дадатковыя пытанні ў выпадку частковых саступак знакаў.

У тым жа, што датычыцца спасылак на нумары класаў МКТП, лічым больш рацыянальным падыход НЦІУ. Па-першае, у гэтым выпадку паслуга называецца пэўным і зразумелым тэрмінам. Па-другое, такая фармуліроўка дазваляе забяспечыць максімальны аб'ём аховы (параўнанне з загалоўкам класа, які можа ахопліваць не ўсе тавары класа, і алфавітным пералікам, які па вызначэнні не з'яўляецца вычарпальным, не на карысць гэтых апошніх). Па-трэцяе, эканомяцца матэрыяльныя і працоўныя выдаткі ўсіх асоб, якія дзейнiчаюць у працэсе рэгістрацыі.

Варта адзначыць, што апошняе слова ў тым, што тычыцца абазначэнняў тавараў, належыць менавіта ведамству паходжання, таму, нават калі адказ, які задавальняе САІУ, не будзе дадзены, знак тым не менш будзе зарэгістраваны ў міжнародным рэестры з першапачатковай фармуліроўкай і агаворкай, што яна занадта нявызначаная з пункту гледжання САІУ. Вы, як заяўнік, маеце права ўдзельнічаць у працэсе і хадайнічаць аб пакіданні першапачатковай фармуліроўкi або аб яе замене фармуліроўкай з пералікам тавараў з захаваннем стандартнага патрабавання, каб спіс базавага знака не пашыраўся ў міжнароднай заяўцы.

09.2023
Падрыхтавала: Г.Я.Лютава (Начальнік аддзела міжнародных рэгістрацый упраўлення таварных знакаў НЦІУ)

Вверх