Пытанне: Пісьменнік, сцерагчыся таго, што створаны ім літаратурны твор будзе неправамерна выкарыстаны трэцімі асобамі, жадае зарэгістраваць яго ў якой-небудзь арганізацыі. Ці патрабуе заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне аўтарскага права, каб пісьменнік зарэгістраваў літаратурны твор?

Адказ: У адпаведнасці з пп. 1 і 2 арт. 992 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, п. 1 арт. 5 і пп. 1, 2 арт. 6 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (Закон аб аўтарскім праве) аўтарскае права распаўсюджваецца на творы навукі, літаратуры і мастацтва, якія з'яўляюцца вынікам творчай дзейнасці і існуюць у якой-небудзь аб'ектыўнай форме, у тым ліку ў пісьмовай (рукапіс і інш.), электроннай, іншай форме.

Згодна з п. 5 арт. 6 Закона аб аўтарскім праве літаратурныя творы з'яўляюцца аб'ектамі аўтарскага права. Частка твора (уключаючы яго назву), якая з'яўляецца вынікам творчай дзейнасці, знаходзіцца ў якой-небудзь аб'ектыўнай форме і можа выкарыстоўвацца самастойна, таксама з'яўляецца аб'ектам аўтарскага права (п. 3 арт. 6 Закона аб аўтарскім праве).

Аўтарскае права на твор узнікае ў сілу факта яго стварэння. Для ўзнікнення і ажыццяўлення аўтарскага права не патрабуецца захаванне якіх-небудзь фармальнасцей. Пры адсутнасці доказаў іншага аўтарам твора лічыцца асоба, якая ўказана ў якасці аўтара на арыгінале або экзэмпляры твора (прэзумпцыя аўтарства) (арт. 8 Закона аб аўтарскім праве). Такі прынцып з'яўляецца міжнародным стандартам і ўтрымліваецца ў заканадаўствах большасці краін.

Такім чынам, для ўзнікнення і ажыццяўлення аўтарскага права на літаратурны твор пісьменніку не патрабуецца выконваць якія-небудзь фармальнасці, напрыклад, не патрабуецца рэгістраваць гэты твор у якой-небудзь арганізацыі. Аўтар мае права ўказваць сваё імя на арыгінале або экзэмпляры свайго літаратурнага твора. У гэтым выпадку будзе дзейнічаць прэзумпцыя аўтарства.

11.2023
Падрыхтаваў: А. І. Лучанок (начальнік аддзела абароны правоў упраўлення аўтарскага і сумежных правоў)

Вверх