Пытанне: У аўтара два наследнікі, адзін з якіх дазволіў выкарыстанне твора. Ці можна выкарыстоўваць твор без атрымання дазволу ад другога наследніка?

Адказ: У адпаведнасці з пунктамі 1 і 2 артыкула 16 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (Закон) аўтару або іншаму праваўладальніку належыць выключнае права на твор, якое азначае права выкарыстоўваць твор па сваім меркаванні ў любой форме і любым спосабам, дазваляць або забараняць іншым асобам выкарыстоўваць твор. Пры гэтым згодна з пунктам 1 артыкула 42 Закона выключнае права на аб'ект аўтарскага права або сумежных правоў пераходзіць у спадчыну або ў парадку іншага правапераемства, калі іншае не прадугледжана Законам.

У выпадку калі выключнае права на твор належыць некалькім наследнікам аўтара, то кожны з іх мае права дазваляць або забараняць іншым асобам выкарыстанне твора. Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не прадугледжана магчымасць выкарыстання твора пры наяўнасці дазволу толькі часткі яго праваўладальнікаў (у дадзеным выпадку – наследнікаў), роўна як і не прадугледжана абмежаванне права аднаго з іх забараняць выкарыстанне твора іншым асобам, таму для выкарыстання твора на законных падставах неабходна атрыманне адпаведнага дазволу ад усіх наследнікаў.

08.2023
Падрыхтавала: Т.П. Цэдрык (Зам. начальніка ўпраўлення аўтарскага і сумежных правоў - начальнік аддзела рэгістрацыі правоў НЦІУ), Д.Х. Градоўкіна (вядучы спецыяліст упраўлення аўтарскага і сумежных правоў аддзела рэгістрацыі правоў НЦІУ)

Вверх