Пытанне: Як правамерна выкарыстоўваць творы ў сетцы Інтэрнэт?

Адказ: Дадзенае агульнае пытанне мэтазгодна канкрэтызаваць наступным чынам.

1. Што лічыцца выкарыстаннем твораў у сетцы Інтэрнэт?

Віды выкарыстання твораў у сетцы Інтэрнэт (паведамлення твораў для ўсеагульнага ведама), за якія патрабуецца выплачваць узнагароду, могуць быць рознымі. Так, выкарыстаннем твораў у сетцы Інтэрнэт прызнаецца:

размяшчэнне аўдыязапісаў і відэазапісаў, якія змяшчаюць музычныя творы, на YouTube-канале, на старонцы сайта, на старонцы акаўнта ў сацыяльных сетках (Facebook, VK, Instagram, Мой мир і інш.);

размяшчэнне актыўнай спасылкі (гіперспасылкі) на адным інтэрнэт-рэсурсе, якая дазваляе пераходзіць на іншы інтэрнэт-рэсурс, на якім размешчаны самі творы.

Усе гэтыя спосабы выкарыстання твораў з'яўляюцца разнавіднасцю паведамлення твораў для ўсеагульнага ведама і патрабуюць выплаты ўзнагароды праваўладальнікам.

2. Чаму выкарыстанне твораў у сетцы Інтэрнэт заўсёды платнае?

Паведамленне для ўсеагульнага ведама заўсёды платнае, паколькі гэты спосаб выкарыстання твораў не прадугледжаны гл. 4 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (Закон аб аўтарскім праве) у якасці выпадкаў свабоднага выкарыстання твораў без выплаты ўзнагароджання аўтарам ці іншым праваўладальнікам за такое выкарыстанне.

Закон аб аўтарскім праве прадугледжвае неабходнасць выплаты ўзнагароды за выкарыстанне твораў незалежна ад наяўнасці даходу за такое выкарыстанне, паколькі гэтая акалічнасць не адносіцца да ўстаноўленых Законам аб аўтарскім праве падстаў абмежавання маёмасных правоў праваўладальнікаў, пры якіх дапускаецца выкарыстанне твораў без згоды праваўладальнікаў і без выплаты ўзнагароды.

3. Што неабходна зрабіць, каб выкарыстоўваць творы ў сетцы Інтэрнэт законна?

Выкарыстанне любой фізічнай або юрыдычнай асобай твораў, маёмасныя правы ў адносінах да якой перададзены ў калектыўнае ўпраўленне Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ), дапускаецца пры ўмове заключэння дагавора з НЦІУ і з абавязковай выплатай прадугледжанага Тарыфам НЦІУ ўзнагароджання.

Калі маёмасныя правы ў дачыненні да твораў, якія выкарыстоўваюцца, не перададзены ў калектыўнае ўпраўленне НЦІУ, карыстальніку неабходна заключыць ліцэнзійны дагавор або дагавор саступкі выключнага права з аўтарам або іншым праваўладальнікам твораў, якія выкарыстоўваюцца.

4. Калі можна не плаціць узнагароду і не заключаць дагавор з НЦІУ альбо аўтарам (праваўладальнікам)?

Карыстальнікі могуць выкарыстоўваць творы ў сетцы Інтэрнэт без выплаты ўзнагароды ў наступных выпадках:

пры выкарыстанні твораў, тэрмін дзеяння выключнага права на якія скончыўся (адпаведныя тэрміны ўстаноўлены арт. 20 Закона аб аўтарскім праве);

пры атрыманні дазволу на бязвыплатнае выкарыстанне твораў ад праваўладальнікаў на падставе ліцэнзійнага ці іншага дагавору (арт. 44, 45 Закона аб аўтарскім праве);

калі сам аўтар (праваўладальнік) выкарыстоўвае свой твор.

24.04.2024

Канстанцiн Георгiевiч Галімаў, начальнік упраўлення аўтарскага і сумежных правоў НЦІУ; Лынько Ангелiна Аляксандраўна, спецыялiст аддзела абароны правоў упраўлення аўтарскага і сумежных правоў НЦІУ

Вверх