1 ноября 2023

Вячаслаў Уладзіміравіч Адамчык – адзін з самых яркіх прадстаўнікоў беларускай прозы другой паловы ХХ ст. – прыйшоў у літаратуру ў1950-я гг. Ён належыць да пакалення пісьменнікаў так званых шасцідзясятнікаў.

Нарадзіўся В. Адамчык у в. Варакомшчына Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сямігодкі (1949) працаваў грузчыкам на чыгуначнай станцыі Наваельня і працягваў вучобу ў вячэрняй школе. У 1952-1957 гг. займаўся на аддзяленні   журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. Леніна. У 1965 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве.

У розныя гады В. Адамчык працаваў у рэдакцыях газет «Знамя юности» (1957-1958), «За вяртанне на Радзіму» (1958-1960), часопісаў «Нёман» (1965-1967), «Полымя» (1967-1969), «Маладосць» (1969-1977), на кінастудыі «Беларусьфільм» (1977-1980), у выдавецтве «Мастацкая літаратура» (1980-1982). У 1982-1993 гг. быў галоўным рэдактарам дзіцячага часопіса «Бярозка».

Дэбютаваў В. Адамчык вершамі ў 1952 г., але пачаткам свайго творчага шляху сам пісьменнік і крытыкі лічаць 1957 г., калі былі надрукаваны першыя апавяданні «Свой чалавек» і «Даўняе, незабыўнае» («Зоня»). У хуткім часе выйшлі і першыя зборнікі прозы «Свой чалавек» (1958), «Млечны шлях» (1960), пазней – «Міг бліскавіцы» (1965), «Дзікі голуб» (1972), «Дзень ранняй восені» (1974), «Раяль з адламаным вечкам» (1990), «Развітальная аповесць» (1999). У жанры апавядання сфарміраваўся адметны і самабытны творчы стыль пісьменніка, акрэслілася праблематыка яго твораў. У аснову многіх з іх пакладзены падзеі, факты з уласнай біяграфіі. Галоўным героем шматлікіх ранніх апавяданняў пісьменніка выступае юнак-рамантык, звычайна шукальнік нязведанага, загадкавага, таямнічага, блізкі да дасягнення шчасця, якое часта ў апошні момант аказваецца ілюзіяй.

Сапраўдную вядомасць Вяачаславу Адамчыку прынесла тэтралогія з раманаў «Чужая бацькаўшчына» (1977; Літаратурная прэмія імя І. Мележа, 1980), «Год нулявы» (1982), «І скажа той, хто народзіцца» (1985; за гэтыя раманы Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа, 1988), «Голас крыві брата твайго» (1990), у якіх аўтар паказаў жыццё заходнебеларускай вёскі ў часы польскай і савецкай улады, а таксама ў гады Вялікай Айчыннай вайны.       Раманы звязаны адзінствам герояў, храналогіяй разгортвання падзей, якія адбываюцца ў гэтыя перыяды. Аўтар знайшоў новыя, нестандартныя падыходы да паказу складаных грамадскіх з’яў, выявіў тонкі псіхалагізм, глыбокае веданне штодзённага вясковага побыту і гутарковай народнай мовы. У тэтралогіі Вячаслаў Адамчык спалучае традыцыйныя і наватарскія тэндэнцыі. Ён імкнецца спасцігнуць народную душу ва ўсёй яе складанасці, убачыць не толькі вытокі дабра і чалавечнасці ў характарах сваіх герояў, але і паказаць персанажаў рэальнымі няпростымі людзьмі. Пісьменнік зарэкамендаваў сябе як выдатны псіхолаг, знаўца чалавечай душы і традыцый вясковага побыту.

Вячаслаў Адамчык таксама напісаў драматычную аповесць «Чорны цмок, або Яблык спакусы» (1989), фантастычную аповесць «Падарожжа на Буцафале», гістарычную п’есу «Раіна Грамычына» (абедзве 1991).

У час працы галоўным рэдактарам сцэнарнай майстэрні пры кінастудыі «Беларусьфільм» В. Адамчык напісаў сцэнарыі дакументальных фільмаў «Іван Мележ» (1977, рэжысёр Ю. Лысятаў), «Валянцін Таўлай» (1978, рэжысёр М. Заслонава), «Дзядзька Якуб» (1981, рэжысёр В. Сукманаў) і інш. Паводле рамана «Чужая бацькаўшчына» быў зняты аднайменны мастацкі фільм (1982, сцэнарыст А. Лапшын, рэжысёр В. Рыбараў) і пастаўлены тэлеспектакль (1983), а па п’есе «Раіна Грамычына» фільм – «Ятрынская ведзьма» (1991, сцэнарыст Ф. Конеў).

Пісьменнік пераклаў на беларускую мову кнігу балгарскіх народных казак «Незвычайны асілак» (1961), асобныя творы М. Прышвіна, Ю. Казакова, С. Залыгіна і інш.

 Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: НЦІУ


Вверх