11 ноября 2023

Адным з першых даследчыкаў і папулярызатараў гісторыі, этнаграфіі, мовы і фальклору беларускага народа быў пісьменнік, публіцыст і тэатральны крытык Павел Шпілеўскі, вядомы ў літаратуры XIX ст. пад псеўданімамі Драўлянскі, Знаёмы чалавек, Барон Ікс.

Павел Міхайлавіч Шпілеўскі нарадзіўся 12 лістапада 1823 г. у в. Шыпілавічы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Любанскі раён Мінскай вобласці) у сям’і святара. У 1843 г. скончыў Мінскую духоўную семінарыю і ў ліку лепшых выпускнікоў быў рэкамендаваны для паступлення ў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1847). Акрамя багаслоўскіх навук вывучаў філасофію, царкоўную і агульную гісторыю, яўрэйскую, грэчаскую, лацінскую, нямецкую і французскую мовы. Але кандыдат багаслоўя П. Шпілеўскі ад царкоўнай кар’еры адмовіўся. Працаваў выкладчыкам славеснасці ў Варшаўскім павятовым духоўным вучылішчы, з 1853 г. быў пакаёвым наглядчыкам у Галоўным педагагічным інстытуце ў Пецярбургу, з 1855 г. стаў настаўнікам школы пры Экспедыцыі падрыхтоўкі дзяржаўных папер.

Літаратурную дзейнасць Павел Шпілеўскі пачаў яшчэ ў студэнцкія гады. У 1844 г. у двух нумарах часопіса «Маяк» пад псеўданімам Эгілеўскі былі надрукаваны праца «Белорусские предания» і казка «Волшебные яблоки». Гэтыя публікацыі вызначылі асноўны кірунак будучай творчай дзейнасці – беларускі фальклор і краязнаўства. У 1845 г. вучоны склаў «Словарь белорусского наречия», а праз год пачаў друкаваць даследаванне «Белорусские народные поверья» (1846–1852), якое стала адной з частак рукапіснай працы «Слоўнік і караняслоў беларускай гаворкі». Павел Міхайлавіч пакінуў даволі значную літаратурную спадчыну: «Описание посольства Льва Сапеги в Москву в 1600 году» (1850), «Народные пословицы с объяснением происхождения и значения их» (1852), «Исследование о вовколаках на основании белорусских поверий» (1853), «Свадебные обряды у застенковцев (околичан) Витебской губернии» (1854), «Мазыршчына: (з падарожжа па заходнярускім краі) » (1859) і інш. Яго этнаграфічныя нарысы, апавяданні, крытычныя артыкулы друкаваліся на старонках расійскіх газет і часопісаў, выходзілі асобнымі выданнямі. Аднак самымі значнымі творамі з усяго напісанага з’яўляюцца дзве галоўныя працы, якія атаясамліваюцца з прозвішчам П. М. Шпілеўскага. І калі «Путешествие по Полесью и белорусскому краю» (1853-1855) называюць энцыклапедыяй краязнаўства Беларусі 1-й паловы XIX ст., то «Белоруссия в характерических описаниях и фантастических поверьях» (1853–1856) – энцыклапедыя беларускага фальклору. Цыклы белетрызаваных нарысаў, якія ўвайшлі ў гэтыя кнігі, прынеслі Паўлу Шпілеўскаму вядомасць як аднаму з першых даследчыкаў і папулярызатараў беларускай гісторыі, этнаграфіі і фальклору. Яны сумяшчаюць аўтарскія навуковыя разважанні і лірычныя адступленні, гістарычныя даведкі і маляўнічыя апісанні беларускіх гарадоў, вёсак і мястэчак, фальклорныя запісы і этнаграфічныя замалёўкі. Гэтыя працы былі з цікавасцю сустрэты чытачамі, крытыкамі і вучонымі, станоўчую ацэнку ім даў М. Г. Чарнышэўскі.

Асобнай старонкай літаратурнай дзейнасці П. М. Шпілеўскага з’яўляюцца мастацкія творы. Ён аўтар кнігі «Западнорусские очерки» (1858-1859), аповесці для дзяцей «Цыганенок» (1855), п’есы «Дожинки» (1857), якая ўяўляе сабой варыяцыю на тэму «Ідыліі» В. Дуніна-Марцінкевіча (у аснову пакладзены беларускі этнаграфічны абрад).

У апошнія гады жыцця Павел Шпілеўскі займаўся журналістыкай. Супрацоўнічаў з часопісам «Театральный и музыкальный вестник», дзе змясціў шэраг артыкулаў, прысвечаных мінскім тэатрам. Свой вялікі праект «Дзённік знаёмага чалавека» – летапіс культурнага і грамадскага жыцця Санкт-Пецярбурга і часткова Расіі – пачаў друкаваць у часопісе «Сын Отечества», потым прадоўжыў у часопісе «Иллюстрация». У розных перыядычных выданнях («Пантеон» і інш.) змяшчаў артыкулы пра тэатральнае і літаратурнае жыццё Расіі, па гісторыі Беларусі. Павел Міхайлавіч стаў першым пісьменнікам, які на старонках расійскага друку загаварыў пра беларускі народ. Амаль за 15 гадоў яго творчасці рускі чытач даведаўся пра Беларусь больш, чым за ўсё мінулае паўстагоддзе.

Памёр П. М. Шпілеўскі 17 кастрычніка 1861 г., усяго некалькі дзён не дажыўшы да свайго 38-годдзя. У біяграфіі вучонага шмат белых плям: невядомы яго сямейны стан і месца пахавання, не знойдзены дакладны партрэт пісьменніка.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram).


Фото: НЦИС


Вверх