21 октября 2023

Юрый Міхайлавіч Плескачэўскі нарадзіўся 22 кастрычніка 1943 г. у сяле Садовае Цалінаградскага раёна Казахстана. У 1965 г. скончыў Кіеўскі політэхнічны інстытут. З 1966 г. – старшы інжынер-канструктар, галоўны інжынер аддзела механікі палімераў Акадэміі навук (АН) БССР, з 1969 г. – малодшы, старшы навуковы супрацоўнік, у 1972-1979 гг. – загадчык сектара, вучоны сакратар Інстытута механікі металапалімерных сістэм АН БССР. У 1979-1989 гг. – намеснік дырэктара па навуковай рабоце, адначасова загадчык сектара, з 1989 г. – загадчык аддзела гэтага інстытута.   

У 1991-2002 гг. – дырэктар Інстытута механікі металапалімерных сістэм імя У. А. Белага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адначасова ў 1994-1998 гг. – загадчык кафедры, у 1998-2002 гг. – прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. У 2002-2003 гг. – віцэ-прэзідэнт НАН Беларусі і адначасова са снежня 2002 г. – акадэмік-сакратар Аддзялення фізіка-тэхнічных навук НАН Беларусі. У 2003-2005 гг. Ю. М. Плескачэўскі працаваў на пасадзе Старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. З 2005 г. – галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адначасова з 2007 г. – загадчык кафедры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. З 1996 г. – галоўны рэдактар міжнароднага навукова-тэхнічнага часопіса «Матэрыялы, тэхналогіі, інструменты».

Галіна навуковых даследаванняў і распрацовак Ю. Плескачэўскага –механіка і тэхналогіі металапалімерных сістэм. Юрый Міхайлавіч упершыню выканаў іх класіфікацыю, даў вызначэнні, якія ўвайшлі ў энцыклапедыі, падручнікі і даведнікі, унёс істотны ўклад у тэорыю трываласці гетэрафазных сістэм, фізікахімію і інжынерыю паверхні. Таксама эксперыментальна выявіў і абгрунтаваў асноўныя заканамернасці крышталізацыі палімераў, іх узаемадзеяння з металамі ў дынамічным фрыкцыйным і статычным адгезійным кантакце, выканаў матэматычнае мадэляванне аб'ёмна-напружанага стану палімерных кампазітаў, стварыў навуковыя асновы шэрагу тэхналогій іх апрацоўкі, прапанаваў новыя канцэпцыі фарміравання актыўных і адаптыўных кампазітаў і вырабаў з іх. Ю. М. Плескачэўскі – аўтар больш за 400 навуковых прац, у тым ліку 12 манаграфій, больш за 100 вынаходстваў.

У 1973 г. Юрыю Плескачэўскаму ўручана прэмія Ленінскага камсамола за даследаванне кантактных з'яў у металапалімерных сістэмах (у суаўтарстве), у 2007 г. атрымаў прэмію Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за цыкл кніжных выданняў па механіцы матэрыялаў і канструкцый. Узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны» (1979 г.), Айчыны III ступені (2002 г.).

Па матэрыялах РНТБ

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram).


Фото: НЦИС

Вверх