5 августа 2023

Нарадзілася Валянціна Локун 6 жніўня 1946 г. у в. Цепянец Пінскага раёна Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці ў сялянскай сям’і. У 1966 г. скончыла Пінскую завочную школу і паступіла на філалагічны факультэт (рускае аддзяленне) Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Працавала загадчыцай Цепянецкай бібліятэкі (1972-1974 гг.). Завочна вучылася ў аспірантуры пры Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. І. Леніна. У 1984 г. В. Локун абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Стилевое своеобразие современной белорусской военной прозы (на материале творчества В. Быкова, Б. Саченко, И. Чигринова, 60-70-е годы)». У 1985-1998 гг. выкладала ў Брэсцкім педагагічным інстытуце імя А. С. Пушкіна. У 1987-2007 гг. была навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адначасова да 1998 г. працавала ў Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага.

Першыя публікацыі В. Локун з’явіліся ў 1973 г. у пінскай раённай газеце «Полесская правда». З канца 1970-х гг. яна пачала выступаць з рэцэнзіямі і артыкуламі ў рэспубліканскіх часопісах «Нёман», «Полымя», «Роднае слова», газеце «Літаратура і мастацтва» і інш. У іх асвятляліся праблемы развіцця беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнай. У 1995 г. выйшла яе манаграфія «Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы: 1950–1960-я гг.», у якой разглядаюцца творы Я. Брыля, В. Быкава, А. Адамовіча, І. Навуменкі, І. Шамякіна ў суаднясенні з развіццём эстэтычнай думкі рускай літаратуры (Ю. Бондараў, Р. Бакланаў, К. Сіманаў, В. Кандрацьеў, Б. Васільеў і інш.).

Літаратурна-крытычныя артыкулы Валянціны Локун увайшлі ў зборнікі «Да новых вышынь» (1991 г.) і «Кругі жыцця, кругі літаратуры» (2002 г.). У іх разглядаюцца ідэйна-мастацкія асаблівасці творчасці многіх беларускіх і рускіх пісьменнікаў (І. Чыгрынава, В. Казько, В. Карамазава, А. Асіпенкі, У. Дамашэвіча, Ю. Бондарава, В. Астаф’ева, В. Бялова і інш.), закранаюцца актуальныя праблемы развіцця нацыянальнай прозы (на матэрыяле творчасці І. Мележа), аналізуюцца асобныя творы А. Жука, А. Масарэнкі, В. Коўтун і інш. Валянціна Локун прымала таксама ўдзел у стварэнні кніг «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» (у 4-х тамах, 1999-2002 гг.), «Беларуская літаратура ў кантэксце славянскіх літаратур ХІХ–ХХ стст.» (2006 г.).

У 1998 г. Валянціна Локун была прынята ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, у 2006 г. стала членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Двойчы лаўрэат прэміі часопіса «Полымя. За актыўны ўдзел у рабоце Міжнароднага фонду Святой Еўфрасінні Полацкай В. Локун узнагароджана ў 2006 г. медалём Святой Еўфрасінні Полацкай. У 2012 г. стала лаўрэатам прэміі Беларускага саюза жанчын.  

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: bis.nlb.by/


Вверх