16 января 2024

Леанід Канстанцінавіч Захлеўны нарадзіўся 16 студзеня 1947 г. у Гродна. Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. В. Луначарскага па класе кампазіцыі прафесара А. В. Багатырова (1972) і асістэнтуру-стажыроўку (1976) пад кіраўніцтвам прафесара Я. А. Глебава.

У 1972 г. стаў выкладчыкам Мазырскага музычнага вучылішча. З 1975 г. – асістэнт-стажор Беларускай кансерваторыі. У 1978-1989 гг. працаваў музычным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм». З 1990 г. – мастацкі кіраўнік музычных калектываў Беларускага радыё. З 1991 г. з’яўляецца мастацкім кіраўніком ансамбля народнай музыкі «Бяседа».

Леанід Канстанцінавіч Захлеўны з'яўляецца аўтарам эстраднай, камернай, сімфанічнай і харавой музыкі. Працуе ў песенным жанры. З яго твораў фармуецца рэпертуар ВІА «Сябры», ансамбля народнай музыкі «Бяседа», Віктара Вуячыча, Якава Навуменкі, Яраслава Еўдакімава, Ірыны Дарафеевай. Піша музыку на вершы беларускіх і рускіх паэтаў Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло, Уладзіміра Карызны, Леаніда Пранчака, Уладзіміра Пецюкевіча, Міхаіла Ясеня. Атрымалі вядомасць цыкл песень «Памяць» («Поле памяці», «Насіць ордэны», «Міласэрнасць», «Песня Перамогі»), «Азеры дабрыні», «Зямля мая», калыханка «Баю-бай, дачушка, баю-бай, сынок... » і інш.

Л. Захлеўны з’яўляецца лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларускай ССР (1980), Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1994), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2011), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2017), мае званні заслужанага дзеяча мастацтваў Беларускай ССР (1985), народнага артыста Рэспублікі Беларусь (1998), кавалер ордэна Францыска Скарыны (2011).

Леанід Канстанцінавіч Захлеўны з’яўляецца членам рэкамендацыйна-кансультатыўнага савета, створанага пры Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці, як арганізацыі па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі, у мэтах садзейнічання эфектыўнай ахове правоў аўтараў і іншых праваўладальнікаў у адпаведнасці з артыкулам 52 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах».

Падрабязней пра рэкамендацыйна-кансультатыўны савет можна даведацца па спасылцы.

Па матэрыялах  Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram).


Фото: НЦИС


Вверх