2 октября 2026

Будучы пісьменнік нарадзіўся 30 верасня 1931 г. у вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Там прайшлі яго дзіцячыя і падлеткавыя гады, тры з якіх выпалі на час нямецкай акупацыі. З 1947 г. жыў у Мінску, вучыўся ў Мінскім педагагічным вучылішчы, а затым на філалагічным факультэце БДУ (1956). Скончыў аспірантуру, працаваў на кафедры беларускай літаратуры, у 1963 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі беларускай паэзіі ХХ ст., у 1978 г. атрымаў вучонае званне прафесара. У 1980 г. яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі.

Н. Гілевіч быў першым сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР (1980-1989), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990), старшынёй Пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (1990-1996), старшынёй Таварыства беларускай мовы (1989-1997).

Творчасць Ніла Гілевіча добра вядомая і ў Беларусі, і далёка за яе межамі. Выступаць з вершамі ў друку пачаў у 1946 г. Член Саюза пісьменнікаў з 1954 г. Першы зборнік «Песня ў дарогу» (1957) – паэтычны маніфест студэнтаў-рамантыкаў 1950-х гадоў. У зборніках «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959) і «Неспакой» (1961) выявіліся асноўныя сюжэты і вобразы, якія сталі паэтычнай дамінантай: матывы маці і роднай мовы прыпадабняюцца да матываў малой радзімы, Маці-Беларусі і беларускай народнай песні, што сімвалізуе душу нацыі і яе самабытную культуру.

Зборнік «Бальшак» (1965) складаецца з лірычных гімнаў у гонар роднай Лагойшчыны, вершаў-накцюрнаў і эцюдаў біяграфічнага зместу. Знакамітаму раману ў вершах «Родныя дзеці» (1985) паэт аддаў дванаццаць гадоў натхнёнай і руплівай працы.

На пярэднім краі барацьбы з рознымі грамадскімі хібамі і заганамі, безумоўна, стала сатыра. Пяру Н. Гілевіча належаць вершы, фельетоны, байкі, жарты, эпіграмы, шаржы, уключаныя ў зборнікі «Званковы валет» (1961), «Да новых венікаў» (1963), «Ці грэх, ці два» (1970), «Як я вучыўся жыць» (1974), «Кантора» (1989) і інш.

Яшчэ адна іпастась творчай асобы Ніла Гілевіча – гэта навуковая дзейнасць у галінах літаратуразнаўства і фалькларыстыкі. Шмат сіл Н. Гілевіч аддаў збору спадчыны вуснай народнай творчасці. Ён укладальнік і навуковы рэдактар пяці тамоў беларускага фальклору ў сучасных запісах.

Асобна трэба сказаць пра Ніла Гілевіча як пра перакладчыка ці, дакладней, перастваральніка паэзіі славянскіх народаў на беларускую мову. Паэт пераклаў звыш 400 твораў розных славянскіх пісьменнікаў. За перакладчыцкую дзейнасць і прапаганду балгарскай літаратуры ён атрымаў ордэн Кірылы і Мяфодзія 1-й ступені. Урад Югаславіі ўзнагародзіў паэта ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай. Ніл Гілевіч – лаўрэат Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева (1986). Творы народнага паэта Беларусі перакладзены на многія мовы свету.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (Instagram, Telegram).


Фото: НЦИС
Поделиться: