6 августа 2026

Пётр Аляксандравіч Віцязь нарадзіўся 6 жніўня 1936 г. ў вёсцы Першамайская Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1960 г. скончыў Беларускі лесатэхнічны інстытут імя С. М. Кірава (цяпер – Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт). Працаваў інжэнерам, старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам сектара лабараторыі парашковай металургіі Беларускага політэхнічнага інстытута (БПІ), з 1970 г. адначасова займаў пасады старшага выкладчыка і кіраўніка аддзела фізіка-хімічных даследаванняў Навукова-даследчага інстытута (НДІ) парашковай металургіі БПІ.

У 1970 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Даследаванне фасфідаў нікеля і магчымасцей іх выкарыстання для легіравання металакерамікі на жалезнай аснове». З 1977 г. працаваў намеснікам дырэктара па навуковай рабоце НДІ парашковай металургіі БПІ, з 1980 г. – першым намеснікам генеральнага дырэктара Беларускага рэспубліканскага навукова-вытворчага аб’яднання парашковай металургіі.

У 1983 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Тэарэтычныя и практычныя асновы стварэння эфектыўных спечаных прапушчальных матэрыялаў і іх укараненне ў народную гаспадарку». З 1992 г. П. Віцязь – дырэктар НДІ парашковай металургіі Беларускага дзяржаўнага навукова-вытворчага канцэрна парашковай металургіі і тэхналогіі матэрыялаў.

У 1989 г. вучоны быў абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а ў 1994 г. стаў яе акадэмікам.

З 2022 г. Пётр Аляксандравіч – начальнік упраўлення аэракасмічнай дзейнасці НАН Беларусі, галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі нанаструктурных матэрыялаў і звышцвёрдых матэрыялаў аддзялення тэхналогій машынабудавання і металургіі Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі.

Круг навуковых інтарэсаў вучонага ахоплівае актуальныя напрамкі сучаснага матэрыялазнаўства. Пад кіраўніцтвам П. А. Віцязя і пры яго асабістым удзеле было распрацавана звыш 80 новых тэхналогій і матэрыялаў, па якіх асвоена вопытная і прамысловая вытворчасць вырабаў для сельскагаспадарчага машынабудавання, аўтамабілебудавання, станкабудавання, прыборабудавання і спецыяльнай тэхнікі.

Пётр Аляксандравіч – аўтар каля 1000 навуковых публікацый, уключаючы 56 манаграфій, і больш за 200 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў.

За вялікі ўклад у развіццё навукі і ўкараненне вынікаў даследаванняў П. А. Віцязь узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў (1986), Айчыны II ступені (2009), Айчыны III ступені (2001), медалём Францыска Скарыны (1996). Вучоны з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР (1980), прэмій Савета Міністраў СССР (1987), НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук імя акадэміка В. А. Капцюга (2002, 2012), акадэмій навук Беларусі і Малдовы (2007), НАН Беларусі (2013).

Па матэрыялах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фото: Злата Лукашевич
Поделиться: