30 сентября 2023

27 верасня 2023 г. у Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся гала-канцэрт «Неспакойнае сэрца», прысвечаны 85-годдзю Ігара Лучанка – народнага артыста Беларусі і СССР, выдатнага кампазітара, музычнага педагога, уладальніка спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення».

Свой падарунак да юбілею Ігара Міхайлавіча падрыхтаваў Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І. Жыновіча. Песні, сярод якіх «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Спадчына», «Алеся», «Вераніка», «Трэба дома бываць часцей», «Мой родны кут», «Бераг юнацтва», «Верасы», «І пакуль на зямлі існуе каханне», «Зачараваная», у суправаджэнні аркестра выканалі народны артыст Беларусі У. Правалінскі, В. Ісачанка, С. Мядзведзеў, А. Коласаў, І. Задарожны, А. Рачыцкая, узорны тэатр эстраднай песні «Сябрынка» ДК МАЗ і іншыя.

У якасці запрошанага госця ў мерапрыемстве прыняў удзел начальнік аддзела абароны правоў упраўлення аўтарскага і сумежных правоў Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, сын кампазітара Андрэй Ігаравіч Лучанок.

Песні кампазітара Ігара Лучанка вось ужо больш за 50 гадоў з'яўляюцца музычна-мастацкімі сімваламі Беларусі. Яго музыка напоўнена водарам беларускай зямлі, яе азёр і лясоў, паўнаводных рэк і квітнеючых палёў. І ўся творчасць кампазітара без астатку належыць гэтай вялікай зямлі і яе шчодрым людзям. Песні Ігара Лучанка прыгожыя, шчырыя і добрыя, іх спяваюць і ведаюць паўсюль. У розныя гады яны гучалі са сцэны і ў эфіры ў выкананні вядучых артыстаў савецкай эстрады, сярод якіх ВІА «Песняры», «Сябры», «Верасы», Іосіф Кабзон, Сафія Ратару, Валянціна Талкунова, Марыя Пахоменка, Леў Лешчанка, Эдуард Хіль, Віктар Вуячыч, Яраслаў Яўдакімаў і іншыя. Гэтыя песні неаднаразова станавіліся лаўрэатамі Усесаюзнага тэлевізійнага конкурсу «Песня года».       

Па матэрыялах Беларускай дзяржаўнай філармоніі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram).


Фото: philharmonic.by/

Вверх