4 ноября 2023

Нарадзіўся Цішка Гартны (Зміцер Хведаравіч Жылуновіч) 4 лістапада 1887 г. у мястэчку Капыль (зараз горад) у сям’і беззямельных сялян. У 1905 г. скончыў Капыльскае двухкласнае вучылішча. З юнацкіх гадоў яго суправаджала цяжкая праца. Быў гарбаром-пасадчыкам у родным мястэчку; у 1909-1913 гг. у пошуках работы аб’ездзіў гарады Беларусі, Латвіі, Літвы, Расіі; у 1913 г. працаваў фрэзероўшчыкам на заводзе «Вулкан» (Пецярбург). У 1914 г. з дапамогай сяброў уладкаваўся ў выдавецтва «Новый человек», дзе два гады працаваў экспедытарам, а затым бухгалтарам.

1 лістапада 1916 г. Ц. Гартны пачаў выдаваць у Пецярбургу газету «Дзянніца» (праз два гады стаў яе рэдактарам). У 1918 г. стаў адказным сакратаром Беларускага Нацыянальнага Камісарыята пры ўрадзе РСФСР. Ва ўсіх складаных палітычных сітуацыях ён настойліва абараняў інтарэсы і годнасць беларускага народа. З 1 студзеня 1919 г. на працягу месяца Ц. Гартны быў старшынёй Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. З 1920 г. – рэдактар газеты «Савецкая Беларусь», з 1921 г. – часопіса «Полымя». Узначальваў Дзяржаўнае выдавецтва БССР, быў намеснікам Наркома асветы БССР, членам калегіі Інстытута гісторыі АН Беларусі, дырэктарам Беларускага дзяржаўнага архіва. У 1936 г. Цішка Гартны быў арыштаваны. Рэабілітаваны ў 1988 г.

Літаратурная дзейнасць Цішкі Гартнага пачалася ў 1908 г. Свае вершы ён падпісваў псеўданімамі Шулятнік, Капылянін, Сымон Друк, Авадзень і іншымі, але ў гісторыю беларускай літаратуры ўвайшоў як Цішка Гартны. Вялікае ўздзеянне на маладога аўтара аказала паэзія М. Някрасава, Я. Коласа, Я. Купалы. Першы друкаваны верш «Бяздольны» (1909) прысвечаны Я. Купале. У 1913 г. у Пецярбургу выйшаў зборнік паэзіі «Песні», які складаўся з трох раздзелаў: «Песні працы», «Песні кахання» і «Жальбы і жаданні». Працу Ц. Гартны лічыў першай умовай духоўнага жыцця.

Сярод рэалістычных вершаў пра нядолю і бязвыхаднасць сялянскага жыцця сустракаюцца і вершы элегічнага плана, герой якіх сумуе па маладосці: «Дзе вы, гады маладыя…», «Думкі прэч», «Да кляніны» і інш. Да пецярбургскага перыяду адносяцца паэмы «Капыль» (1914), «Паэт, маці і муза» (1915) – раннія вопыты ў жанры лірычнага эпасу. У першай шырока выкарыстоўваецца фальклорны і гістарычны матэрыял. У другой аўтар вызначыў сваё паэтычнае крэда: назваў сваю музу «музай змагання», падкрэсліўшы сілу паэзіі, яе непарыўную сувязь з жыццём і барацьбой народа. У вершах, аб’яднаных у цыкле «Урачыстасць жыцця», Ц. Гартны раскрываецца як тонкі лірык з багатым светаўспрыманнем, здольнасцю заўважаць хараство навакольнага свету. Таксама выступаў і ў жанры сатырычнага верша, байкі, фельетона: «Пан, якіх многа», «Папоўскія гадкі», «Бог памагае» і інш.

Найбольш ярка талент Ц. Гартнага як мастака слова выявіўся ў прозе. Ён спрабаваў свае сілы ў розных формах эпічнага жанру: пісаў нататкі, нарысы, абразкі, навуковыя публікацыі, апавяданні, аповесці, раманы. Усе апавяданні аўтара аб’яднаны ў зборнікі «Трэскі на хвалях» (1924) і «Прысады» (1927). У канцы 1920-х – пачатку 1930-х гг. Ц. Гартны напісаў шэраг твораў, прысвечаных рабочаму класу. Яны ўвайшлі ў зборнікі «Гоман зарніц» і «Наступ на горны» (абодва 1932).

Значнай з’явай у беларускай прозе лічыцца раман Ц. Гартнага «Сокі цаліны», які складаецца з чатырох кніг: «Бацькава воля», «На перагібе», «Крыжавыя дарогі», «Чырвоныя зарніцы». Ён вызначаецца шырокім ахопам жыццёвых з’яў, разнастайнымі чалавечымі характарамі і лічыцца першым беларускім сацыяльным раманам. Цішка Гартны з’яўляецца аўтарам п’ес «Хвалі жыцця», «На стыку», «Дзве сілы». Таксама пісаў літаратуразнаўчыя даследаванні творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, М. Чарота і іншых (зборнік «Узгоркі і нізіны», 1928). Творчая спадчына Ц. Гартнага прываблівае сваёй самабытнасцю. Яго працы зрабілі вялікі ўклад для развіцця беларускага кнігадрукавання, літаратуры, перыядычнага друку, асветы і навукі.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фото: НЦИС


Вверх