Нарадзіўся Аляксандр Іванавіч Лышчык 13 жніўня 1951 г. у г. Камянец Брэсцкай вобласці. З дзяцінства хлопец захапляўся лепкай. Правучыўшыся год у Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце, вырашыў, што архітэктура не яго прызванне, і без ваганняў пакінуў вучобу.
З 1971 г. працаваў афарміцелем і загадчыкам мастацкай майстэрні пры Камянецкім аддзеле культуры. Займаўся вырабам помнікаў, інкрустацыяй, чаканкай па метале, разьбой па дрэве.
Пасля некалькіх спробаў А. Лышчык паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на скульптурнае аддзяленне. Вучыўся ў выдатных педагогаў: Генадзя Мурамцава, Анатоля Анікейчыка, Міхаіла Шкробата. Скончыў установу ў 1983 г. з дыпломнай работай «Помнік градарубу Алексе». Менавіта Алексе валынскі князь Уладзімір Васількавіч даручыў знайсці месца і закласці крэпасць – будучы горад Каменец.
З 1985 па 1991 г. скульптар займаўся выкладчыцкай дзейнасцю на кафедры скульптуры Акадэміі мастацтваў Рэспублікі Беларусь. У 1983 г. заснаваў у Мінску сваю творчую майстэрню. Працаваў у галіне манументальнай і станковай скульптуры. Мастак з’яўляецца аўтарам шматлікіх помнікаў воінам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі.
У якасці асноўнага працоўнага матэрыялу Аляксандр Іванавіч абраў бронзу, бо «на душу легла». З цягам часу мастак стаў вялікім знаўцам усіх тонкасцяў ліцця, ведаў, як зрабіць сплаў, каб атрымалася якасная работа, асабліва скульптура з дробнай пластыкай. У пошуках мастацкіх формаў Аляксандр Іванавіч звяртаўся да гістарычных персанажаў. Перад стварэннем новай работы ён заўсёды шмат чытаў, вывучаў гісторыю быта, касцюма, працаваў з архіўнымі матэрыяламі і інш.
А. Лышчык – аўтар шэрага твораў малых архітэктурных форм, якія сталі знакавымі: «Бабёр» (Бабруйск, 2006); «Крэсла-трон і чаравічак» (Орша, 2008); «Заснавальнікі горада. Князь Уладзімір Васількавіч і княгіня Вольга», фантан «Купалле», «Боцман» (усе – Кобрын, 2009).
У творчым актыве мастака шырокі спектр прызоў і сувенірных кампазіцый, створаных для міжнародных мерапрыемстваў і чэмпіянатаў, работ бытавога прызначэння.
Творы майстра знаходзяцца ў прыватных калекцыях Англіі, Арабскіх Эміратаў, Беларусі, Бельгіі, ЗША, Італіі, Кітая, Польшчы, Расіі, Швецыі.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (Facebook, Instagram, Telegram, VK).