16 декабря 2023

Іван Восіпавіч Ахрэмчык нарадзіўся 16 снежня 1903 г. у Мінску. Скончыў Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут у Маскве (1930). Вучыўся ў А. Архіпава, К. Істоміна, А. Шаўчэнкі. З 1931 па 1941 г. выкладаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, потым у Мінскім мастацкім вучылішчы (1948-1952), Беларускім політэхнічным інстытуце (1953-1963), Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (1963-1971). Прымаў удзел у мастацкіх выстаўках.

І. Ахрэмчык працаваў у станковым жывапісе ў жанрах фігуратыўнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта, а таксама ў галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Творчасці Івана Ахрэмчыка, заснаванай на рэалістычных традыцыях, уласцівы грамадзянскасць, глыбокае пранікненне ва ўнутраны свет сучасніка, яснасць і дакладнасць пластычнай формы, цэласнасць каляровага вырашэння. Ён адзін з першых адлюстраваў у беларускім жывапісе тэмы сацыялістычнага будаўніцтва, станаўлення савецкай улады – «Падпісанне маніфеста аб утварэнні БССР» (1929), «Торф для Асінбуда» (1931), «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск» (1935), «Гідраторф», (1937), «Арганізацыя Савецкай улады ў Гомелі» (1940). Гэтыя палотны паклалі пачатак распрацоўцы гісторыка-рэвалюцыйнай тэматыкі ў беларускім выяўленчым мастацтве.

У Вялікую Айчынную вайну супрацоўнічаў у газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943-1944). Стварыў шэраг тэматычных карцін, прысвечаных трагічным і гераічным падзеям. Моцнае ўражанне амаль дакументальнай дакладнасцю і майстэрствам выканання зрабілі на гледачоў палотны «Твар ворага» (1942), «Пасяджэнне ЦК КП(б) Беларусі 3 ліпеня 1941 г.» (1944). Пасля вайны напісаў адну з лепшых сваіх работ – «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1958).

Пэндзлю Івана Восіпавіча належаць дзясяткі партрэтаў, якія прысвечаны людзям творчых прафесій – артыстам, пісьменнікам, кампазітарам. Да іх мастак ставіўся з вялікай сімпатыяй, добра ведаў і з многімі сябраваў. Сярод іх – партрэт балерыны З. Васільевай (1943), пісьменнікаў П. Глебкі (1943), К. Чорнага (1943), П. Пестрака (1968), беларускага рэжысёра і драматурга Е. Міровіча (1952). У сваіх творах мастак імкнуўся адлюстраваць не толькі знешнія рысы людзей, але праз іх твары выявіць сваё ўяўленне пра час, эпоху.

Вялікай творчай удачай стаў партрэт Янкі Купалы (1945). Жывапісец напісаў цудоўны твор, які па праву лічыцца адной з лепшых мастацкіх выяў беларускага песняра. Палатно пабудавана на кантрастах святла і ценю: на цёмным фоне як бы высветлена постаць паэта. Увага гледача скіравана на твар. На вуснах – усмешка, якую так добра перадаў мастак. Партрэт напісаны з добрым веданнем характару, незвычайнай цеплынёй. Твор экспануецца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Я. Купалы.

Таксама мастак з’яўляецца аўтарам твораў манументальнага жывапісу – два пано для Усебеларускай выстаўкі сельскай гаспадаркі і прамысловасці (1930), дэкаратыўны фрыз «Свята беларускага народа» для беларускага павільёна Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве (1939), плафон «Дружба народаў» у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача ў Мінску (1955), пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Беларускага таварыства дружбы з замежнымі краінамі (1956, у суаўтарстве з І. Давідовічам). Яны здзіўляюць халаднаватай прыўзнятасцю, насычанасцю паветрам і арганічнай святочнасцю дэкаратыўных матываў. Як тэатральны мастак І. Ахрэмчык аформіў спектаклі «Першы штандарт» (1930, у суаўтарстве з З. Азгурам), «Мой сябар» М. Пагодзіна (1932), «Прарыў у каханні» В. Чуркіна (1933).

Творы жывапісца захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), фондзе Беларускага саюза мастакоў, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Імя Івана Ахрэмчыка прысвоена гімназіі-каледжу мастацтваў. Шматгадовая плённая творчая і педагагічная дзейнасць прынеслі народнаму мастаку Беларусі заслужаную павагу, удзячнасць яго сучаснікаў і шчырае захапленне нашчадкаў.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram).

Фото: НЦИС

Вверх