24 мая 2024

Нарадзіўся Адам Герасімавіч Русак 24 мая 1904 г. у вёсцы Пясочнае Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацька добра іграў на скрыпцы, стварыў у вёсцы невялікі аматарскі аркестр, дзе А. Русак атрымаў першыя ўрокі музыкі. У 1922 г. паступіў у Мінскі будаўнічы тэхнікум, аднак пакінуў вучобу і ў 1925 г. стаў студэнтам музычнага тэхнікума ў Мінску. Падчас вучобы іграў у сімфанічным аркестры Беларускага радыё, з 1928 па 1930 гг. служыў у Чырвонай арміі (музыкант вайсковага аркестра).

У 1930 г. Адам Русак паступіў у Ленінградскую кансерваторыю (клас прафесара М. Буяноўскага). Адначасова працаваў у аркестры Ленінградскага Малога опернага тэатра. У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі ў Арэнбургу. У 1949 г. яго запрасілі ў сімфанічны аркестр Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Вершы А. Русак пачаў пісаць яшчэ ў Пясочным. 27 мая 1927 г. у часопісе «Чырвоны сейбіт» быў апублікаваны яго першы твор «Мая песня». Рэгулярна друкаваўся з 1932 г. (у часопісах «Заклік», «Полымя рэвалюцыі», газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва»). У 1940 г. быў падрыхтаваны зборнік «На родных палетках» (1946 г.). Потым з’явіліся кнігі «Песні і вершы» (1951), «Песні» (1954), «Пад голас баяна» (1957), «Звонкія крыніцы» (1965), «Закрасуйся, Нёман» (1978) і інш.

Ёсць у паэта і творы для дзяцей, якія ўвайшлі ў зборнікі «У Буслаўцы» (1967), «Добра ведаю ўрок» (1981), «Дружбакі» (1987). Прывабнасць паэзіі Адама Русака ў яе напеўнасці, музычнасці, лірызме, арганічнай сувязі з фальклорам. Шмат твораў прысвяціў паэт роднаму краю, Радзіме і яе абаронцам у час Вялікай Айчыннай вайны («Веснавыя плыні», «Жніўная песня», «Закрасуйся, Нёман», «Люблю лугі квяцістыя», «На Прыпяці», «Купчастая вішня», «Край палескі» і інш.).

На пачатку творчага шляху Адам Герасімавіч не ставіў мэтай пісаць песні, але кампазітары самі звярталі ўвагу на яго творы – задушэўныя, лірычныя або з мяккім народным гумарам. На думку Э. Зарыцкага, у іх між радкоў гучыць мелодыя – яе трэба толькі запісаць. Менавіта таму каля 300 вершаў паэта сталі песнямі, выканаўцамі якіх былі Л. Александроўская, І. Балоцін, Л. Уцёсаў, І. Кабзон і іншыя, а таксама вакальна-інструментальныя ансамблі «Песняры», «Верасы», «Чараўніцы».

Музыку да песен стваралі Р. Пукст, А. Туранкоў, У. Алоўнікаў, Ю. Семяняка, І. Лучанок і інш. Найбольшую вядомасць атрымала песня «Бывайце здаровы» (музыка У. Захарава і І. Любана), якая стала народнай. Пра гісторыю яе стварэння на кінастудыі «Беларусьфільм» быў пастаўлены аднайменны фільм (1983 г., сцэнарый Л. Гедравічуса і І. Цішчанкі). Паэтам унесены вялікі ўклад у папулярызацыю беларускай этнаграфічна-музычнай творчасці. Ён стварыў фальклорны ансамбль «Нёманцы», які выступаў па ўсёй Беларусі.

У 1964 г. Адам Русак атрымаў званне «Заслужаны работнік культуры БССР». Ён узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў і «Знак пашаны», медалямі. Імем паэта названы вуліцы ў Капылі і Пясочным.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram).


Фото: НЦИС

Вверх