24 июля 2026

Юлія Міхайлаўна Чурко нарадзілася 21 ліпеня 1936 г. у Санкт-Пецярбургу ў сям’і рабочага. З дзяцінства захаплялася музыкай, танцамі і пад уплывам роднай цёткі (вядомай балерыны – народнай артысткі БССР А. В. Нікалаевай) паступіла ў Беларускае харэаграфічнае вучылішча, пасля заканчэння якога ў 1954 г. была прынята ў трупу Дзяржаўнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР.

Удзельнічала ў шэрагу спектакляў класічнага і нацыянальнага рэпертуару, выканала сольныя партыі ў балетах «Баядэрка» Л. Мінкуса і «Падстаўная нявеста» Г. Вагнера. Працу ў тэатры Ю. М. Чурко сумяшчала з вучобай на завочным аддзяленні факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. У 1961 г. пакінула сцэну і цалкам прысвяціла сябе вывучэнню беларускай харэаграфіі.

У 1964 г. Ю. Чурко абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Национальный балет на белорусской сцене», у 1972 г. – доктарскую дысертацыю на тэму «Хореографическое искусство Белоруссии: основные этапы и проблемы развития». Вывучала гісторыю і тэорыю харэаграфіі, беларускага народнага і прафесійнага танцаў.

З 1970 г. Ю. М. Чурко выкладала ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А. В. Луначарскага, з 1972 г. была загадчыцай кафедры Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. З 1975 г. працавала ў Мінскім інстытуце культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў). Тут педагог заснавала і ўзначальвала кафедру харэаграфіі, стварыла першую ў краіне навукова-даследчую лабараторыю беларускай танцавальнай творчасці, разам са студэнтамі ажыццяўляла пошукавыя экспедыцыі па зборы і аднаўленні нацыянальнага харэаграфічнага фальклору. Таксама педагог выкладала ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе кіравала кафедрай харэаграфіі, створанай для падрыхтоўкі кадраў для балетных тэатраў.

Вынікам практычнай і навуковай работы Ю. М. Чурко сталі шматлікія артыкулы, кнігі і манаграфіі па балеце, народна-сцэнічным танцы, фальклоры, мадэрн-танцы, музычным тэатры: «Белорусский балет» (1966), «Белорусский сценический танец» (1969), «Белорусский народный танец» (1972), «Белорусский балетный театр» (1983), «Белорусский балет в лицах» (1988), «Белорусский хореографический фольклор» (1990), «Вянок беларускіх танцаў» (1994), «Линия, уходящая в бесконечность» (1999), «Борис Эйфман. Восхождение» (2005), «Хореография в зеркале критики» (2010), «Pro танец» (2011) і інш.

Плённая праца даследчыцы адзначана высокімі ўзнагародамі: у 1991 г. ёй прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь», у 1996 г. стала лаўрэатам тэатральнай прэміі імя К. Крапівы. У 1998 г. атрымала Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь (у складзе аўтарскага калектыву) за кнігу «Музычны тэатр Беларусі, 1960-1990».

Юлія Чурко з’яўляецца сцэнарыстам дакументальных тэлевізійных фільмаў «Мяцеліца» (1973), «Стварэнне» (1979), «Свята на Палессі» (1981), аўтарам лібрэта да балетаў «Мефіста» У. Кандрусевіча і «Кругаверць» А. Залётнева.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фото: Злата Лукашевич

Вверх