У сярэдзіне 50-х – пачатку 60-х гг. у беларускую паэзію ўліўся значны атрад першых пасляваенных паэтаў. У іх быў і горкі вопыт вайны, і жыццярадаснасць, запал і актыўнасць. Адзін з самых яркіх і самабытных прадстаўнікоў гэтага пакалення – паэт Генадзь Бураўкін.
Нарадзіўся Генадзь Мікалаевіч Бураўкін 28 жніўня 1936 г. у вёсцы Шуляціна (цяпер Тродавічы) Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і служачага. Дзяцінства яго апаліла вайна. У 1959 г. скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ. Працаваў у часопісе «Коммунист Белоруссии», у газеце «Літаратура і Мастацтва», быў карэспандэнтам «Правды» па Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць». З 1978 г. Г. Бураўкін – старшыня Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1990 г. атрымаў прызначэнне пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН. Пасля вяртання ў Мінск быў намеснікам міністра культуры і друку, працаваў у часопісе «Вожык».
Першыя вершы паэта надрукаваны ў полацкай абласной газеце «Сцяг камунізму» ў 1952 г. Потым выйшлі кнігі «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Жніво» (1971), «Варта вернасці» (1978, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы 1980 г.), «Гняздо для птушкі радасці» (1986). На самым пачатку сваёй творчасці аўтар вырашыў не шукаць штучных тэм, а пісаць пра тое, што хвалюе душу і сэрца. І ён шчыра пісаў пра сваё пакаленне, якое зведала пакуты вайны, аднаўляла родны край, выступаў супраць мяшчанства, раўнадушша, бюракратыі. Звяртаўся паэт і да гістарычнага мінулага сваёй радзімы, да славутых продкаў.
У 1990-х гг. погляд паэта на чалавека і свет ускладніўся. У гэты час выходзяць яго зборнікі «Узмах крыла» (1995), «Паміж зоркай і свечкай» (2000), «Жураўліная пара» (2004). Вастрэй гучаць у яго творчасці надзённыя балючыя праблемы Беларусі, сярод якіх – лёс мовы, экалагічныя праблемы, тэма Чарнобыля.
Надзвычай багатая і разнастайная любоўная лірыка Г. Бураўкіна (кнігі «Пяшчота» (1985), «Чытаю тайнапіс вачэй» (2001)). Трапятлівая лірычнасць, мілагучнасць слова паэта спрыяюць таму, што на яго вершы напісана шмат песень («Белы снег», «Зачараваная», «Матылі» і інш.). «Калыханку» на словы Г. Бураўкіна з захапленнем слухаюць кожны вечар маленькія жыхары па ўсёй Беларусі. Дзецям прысвяціў ён і дзве свае кнігі паэзіі – «Тры казкі пра Зая» (1974) і «Сінія арэлі» (1987).
Паэт ад прыроды, пісьменнік вядомы і як аўтар дакументальных аповесцяў, нарысаў, публіцыстычных і крытычных артыкулаў, сцэнарыяў дакументальных фільмаў («Апалённая памяць» (1975), «Падарожжа па Бeлapyci» (1976), двухсерыйны мастацкі фільм «Полымя» (1974, сумесна з У. Халіпам і Ф. Коневым). Перакладаў на беларускую мову вершы рускіх, украінскіх, балгарскіх паэтаў.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (Facebook, Instagram, Telegram, VK).