16 сентября 2023

Андрэй Мрый (Андрэй Антонавіч Шашалевіч) нарадзіўся 13 верасня 1893 г. у вёсцы Палуж на Чэрыкаўшчыне, збіраўся стаць святаром, вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі і ў Кіеўскай духоўнай акадэміі.

Падчас Першай сусветнай вайны трапіў у войска Расійскай імперыі, а пасля, у 1918-1921 гг., служыў у Чырвонай арміі. Гэты вайсковы досвед пісьменнік потым адлюстраваў у творах. Завяршыўшы вайсковую службу, ён працаваў настаўнікам гісторыі і французскай мовы ў Краснаполлі.

Пасля пераезду ў Мінск у 1926 г. А. Мрый, пачатковец у літаратуры, быў прыняты ў літаратурнае аб’яднанне «Узвышша». Працаваў настаўнікам, як і яго брат Васіль, сёстры Ксенія і Настасся. Усёй сям’ёй яны стварылі ў школе тэатр, драматычны і літаратурны гурткі, выдавалі рукапісны часопіс.

Андрэй Мрый адным з першых змог асэнсаваць сучасныя яму эпоху і жыццё і ў 1930 г. надрукаваў свой самы вядомы твор – сатырычны раман «Запіскі Самсона Самасуя».

У 1934 г. быў арыштаваны па даносе, напісаным прататыпам яго героя Самсона Самасуя. На гэты момант у шлюбе з Соф’яй Зыкавай у яго было трое дзяцей (Юры, Артур, Аксана). Тым не менш жонка аддана паехала за пісьменнікам у ссылку. Там ён працягваў пісаць. Захаваліся звесткі пра напісанне рамана «Жывы дом», але творы гэтага перыяду або страчаны, або знаходзяцца ў закрытых архівах. У 1943 г. яго вызвалілі з лагера, але, едучы ў цягніку дадому, ён быў, верагодна, забіты. Месца пахавання невядома.

Паколькі ў літаратурных колах ужо быў вядомы яго брат – драматург Васіль Шашалевіч, то ўзнікла неабходнасць узяць сабе псеўданім. Звычайна лічыцца, што Мрый – вытворнае ад «мроя», «мроіць», але В. Назараў, даследчык творчасці Андрэя Мрыя, прааналізаваўшы ўсе значэнні дзеяслова «мроіць» («мігцець», «світаць», «няясна бачыцца»), прапанаваў і іншыя тлумачэнні псеўданіма: «Мрый – нехта, каго пакуль яшчэ цяжка разгледзець у змроку; нейкі ледзь заўважны арыенцір або ледзь прыкметная крыніца святла ў прыцемках. І ў той самы час ён – ледзь улоўны папярэднік золку, які прыходзіць на змену непрагляднай цемры ночы і пачынае праясняць тое, што не было бачна раней, гэткі перадранкавы змрок».

Па матэрыялах Нацыянальнага інстытута адукацыі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: be.wikipedia.org/

Вверх