12 августа 2023

Нарадзіўся будучы кампазітар 13 жніўня 1913 г. у Віцебску ў сям’і настаўніка. Дом Багатыровых у розны час наведвалі розныя знакамітыя людзі: дырыжор М. Малько, кампазітар Д. Шастаковіч, мастакі М. Шагал, К. Малевіч. У васьмігадовым узросце пачаў займацца музыкай, вучыўся ў Беларускім дзяржаўным музычным тэхнікуме (цяпер Мінскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М. І. Глінкі) на аддзяленні фартэпіяна па спецыяльнасцях піяніста і кампазітара. Навучанне юнак сумяшчаў з канцэртмайстарскай працай у Беларускай студыі оперы і балета і на радыё. У 1937 г. скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. В. Луначарскага (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі) па класе кампазіцыі прафесара В. Залатарова.

У вялікае мастацтва А. Багатыроў увайшоў з кантатай «Сказ пра Мядзведзіху» на вершы А. Пушкіна, напісаную ў якасці дыпломнай працы ў 1937 г. Праз два гады з’явілася опера «У пушчах Палесся» паводле аповесці Я. Коласа «Дрыгва», якая была пастаўлена на сцэне Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР у 1939 г. і паказана ў Вялікім тэатры СССР у час Першай дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве (1940). У 1941 г. кампазітар за гэты твор атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны малады кампазітар быў эвакуіраваны ў Расію, дзе працаваў намеснікам дырэктара ў Свярдлоўскай кансерваторыі (цяпер Уральская дзяржаўная кансерваторыя імя М. П. Мусаргскага). У гэты час А. Багатыроў напісаў кантату «Беларускім партызанам» (1942) паводле вершаў Я. Купалы. Працягам ваеннай тэмы стала араторыя «Бітва за Беларусь» (1985), напісаная ў гонар Перамогі над фашысцкай Германіяй. Твор з’яўляецца адным са значных дасягненняў беларускай музыкі на героіка-патрыятычную тэматыку. Пасляваенныя гады для А. Багатырова – час здзяйснення творчых задум, росквіту кампазітарскай дзейнасці. У 1947 г. была пастаўлена опера «Надзея Дурава», якая прадоўжыла тэму подзвігу.

З 1948 па 2003 г. А. Багатыроў працаваў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (на пасадзе рэктара да 1962 г.). Там ён выкладаў клас кампазіцыі і за гэты час выхаваў больш за 30 вядомых кампазітараў, сярод якіх Ю. Семяняка, Г. Вагнер, Я. Глебаў, Д. Смольскі, І. Лучанок, С. Картэс, А. Мдывані, В. Войцік, У. Солтан, А. Хадоска, Э. Тырманд, У. Буднік, Л. Захлеўны, М. Літвін, Л. Мурашка і інш.

Самымі плённымі і цікавымі ў творчасці А. Багатырова з’яўляліся 1960-я гг. Значны ўклад у камерную музыку ўнёс А. Багатыроў сваімі ансамблямі, што ён пачаў пісаць яшчэ ў 1940-я гг. Менавіта ў камернай музыцы канчаткова сфарміраваліся індывідуальная творчая манера кампазітара і тыя рысы стылю, якія сталі тыповымі для твораў позняга перыяду. Значным дасягненнем з’явілася кантата «Беларускія песні» (1967) на словы народныя і вершы Н. Гілевіча, дзе арганічна спалучыліся ўсе мастацкія кампаненты і праявілася ўся шматграннасць таленту творцы. У 1968 г. А. Багатырову было прысвоена ганаровае званне народнага артыста Беларусі, а ў 1969 г. прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі.

Творы кампазітара ўваходзяць у залаты фонд беларускай музыкі, вызначаючы яе значнае месца ў агульнаеўрапейскай культуры.

За высокія дасягненні ў кампазітарскай і педагагічнай дзейнасці А. Багатыроў быў адзначаны ордэнам Францыска Скарыны, ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі «Знак Пашаны», Дружбы народаў, шматлікімі медалямі.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: pgv.cbsvit.by/


Вверх