19 августа 2023

Леанід Паўлавіч Дубар нарадзіўся 18 жніўня 1925 г. у Магілёве. Юнаком шаснаццаці год сустрэў Вялікую Айчынную вайну. У складзе войскаў 39-й арміі 3-га Беларускага фронту разведчык Леанід Дубар прайшоў Беларусь, Літву, Польшчу, Усходнюю Прусію, Маньчжурыю. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Японіяй», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне».

У 1955 г. Л. Дубар скончыў Крымскае абласное мастацкае вучылішча (цяпер Крымскае мастацкае вучылішча імя Н. С. Самокіша), затым у 1961 г. – Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Дыпломная праца – «Чацвёрка адважных» (кіраўнік В. К. Цвірка).

З 1961 па 1978 г. выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы (цяпер Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава). У 1966 г. стаў членам Беларускага саюза мастакоў.

Для жывапісу Леаніда Дубара характэрны пастозная манера пісьма, імкненне да перадачы святлопаветранага асяроддзя ў спалучэнні з камернай манерай выканання. Сярод работ: сюжэтна-тэматычныя карціны «Па дарогах вайны» (1957 г.), «У дарозе», «У хвіліну адпачынку» (абедзве 1962 г.), «Трывога», «Тарпедная атака» (абедзве 1963 г.), серыя пастэляў «Вялікая Айчынная вайна» (1962-1964 гг.), лірычныя пейзажы «Каля прычала» (1963 г.), «У заліве» (1964 г.), «Самотнае дрэва» (1968 г.).

Імя Л. Дубара вядома і ў вобласці кніжнай графікі. Ён аформіў кнігі «Шчаслівая дарога» (1958 г.) А. Александровіча, «Хлопчык у вялікіх чаравіках» Л. Прокшы (1963 г.), «Не бяжы ад землятрусу» (1969 г.), «Мсціслаўцаў посах» (1971 г.) Э. Ялугіна, «Па закліку сэрца» (1974 г.) Н. Аляксеева, «Дзяўчына ішла па вайне» (1976 г.) М. Гамолкі.

У музейных фондах Беларусі захоўваецца частка творчай спадчыны Леаніда Дубара: жывапіс, шматлікія графічныя лісты, кніжныя і часопісныя ілюстрацыі.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: libmogilev.by/

Вверх