21 сентября 2023

Людміла Карпаўна Шлег нарадзілася 21 верасня 1948 г. у Баранавічах Брэсцкай вобласці. Бацька быў ветэранам вайны, а маці ўдзельніцай партызанскага руху. Пасля заканчэння ў 1967 г. Брэсцкага музычнага вучылішча паступіла ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, якую скончыла ў 1972 г. па класе кампазіцыі прафесара Д. Б. Смольскага. У 1980 г. завяршыла навучанне ў асістэнтуры-стажыроўцы Ленінградскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам выдатнага кампазітара беларускага паходжання прафесара С. М. Слонімскага. У 1974 г. была абраная членам Саюза кампазітараў Беларусі.

Асаблівасці светапогляду Л. Шлег знайшлі сваё ўвасабленне ў яе шматлікіх музычных творах. Асноўная тэма творчасці – чалавек як неад'емная частка светабудовы. У творах кампазітара прасочваецца імкненне да тэатралізацыі, стварэння арыгінальнага нацыянальнага каларыту, аднаўлення архаічных вобразаў, паганскіх абрадаў і рытуалаў, спалучэнне старадаўніх і сучасных тэхнік музычнага ліста.

Сярод твораў буйных жанраў – дзіцячая опера «Каваль – залатыя рукі», радыёопера «Тараканище», народная опера-дзейства «Калядкі», араторыі «Слава» і «Сказ пра Ігара», рэквіем «Памятайце!», кантаты «Дудары», «Трава-мурава», «Скарбонка мінулага», Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам, сімфанічная карціна «Несцерка», сюіта «Кірмашовыя замалёўкі», паэма «Сымон-музыка». Вакальная, вакальна-інструментальная і камерна-інструментальная музыка прадстаўлена паэмамі, вакальна-сімфанічнымі карцінамі, санатамі, сюітамі, ансамблямі, рамансамі, разнастайнымі цыкламі п'ес для рознага складу інструментаў, песнямі і апрацоўкамі народных песень.

Асаблівае месца належыць творам на духоўную тэматыку. Сярод іх араторыя «Іканастас», «Аркестравая фрэска па абразе Андрэя Рублёва «Троіца» ў гонар Сергія Раданежскага», канцэртны трыпціх «Stabat Mater», канчэрто-рэтра «Алілуя», кантовы сшытак «In memoriam». Па словах кампазітара, «у музыцы павінна быць ¾ неба, астатняе – зямное».

Л. Шлег вядомая не толькі як кампазітар, але і як таленавіты мастак, іканапісец. У свой час яна атрымала мастацкую адукацыю, скончыўшы аддзяленне станковага жывапісу і графікі Маскоўскага інстытута імя Н. К. Крупскай.

За сваю шматгранную дзейнасць па падтрымцы і развіццю духоўнай культуры Людміла Карпаўна Шлег была ўдастоена звання лаўрэата прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне».

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фото: Freepik

Вверх