26 августа 2023

Міхась Міхайлавіч Пянкрат нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў в. Карпілаўка (цяпер Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць). У 1937 г. скончыў Хутарскую сямігодку і паступіў у Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе атрымаў спецыяльнасць агранома. У 1939 г. пайшоў служыць у Чырвоную Армію, удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне (1939-1940), быў цяжка паранены, лячыўся ў шпіталі, быў камісаваны.

У 1940-1941 гг. працаваў у рэдакцыі рудзенскай раённай газеты «Бальшавіцкі сцяг». З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны да 1942 г. знаходзіўся ў вёсцы Ведрыца Чэрвеньскага раёна. У 1942 г. быў сувязным партызанскай брыгады «Чырвоны сцяг», якая дзейнічала на Міншчыне. З 1943 г. перайшоў у брыгаду, ваяваў да злучэння з часцямі Чырвонай Арміі. У 1945 г. пераехаў у Мінск і працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет «Сталінская моладзь» (1945-1947), «Савецкі селянін», («Колхозная правда», «Сельская газета», 1947-1956), у часопісе «Вожык» (1959-1979). Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1951 г.

Першая кніга – зборнік вершаў «Салаўіны бераг» (1956). М.М. Пянкрат – аўтар зборнікаў сатырычных апавяданняў і гумарэсак «Палын і кветкі» (1958), «Не з таго канца» (1959), «Аўтарытэт на колах» (1968), апавяданняў і аповесцей «Шчасце маё» (1962), «Ведрыцкія напевы» (1965), «Любоў у квадраце» (1969), «Прынцыповы пасаг» (апавяданні, вершы і гумарэскі, 1978), «Спатканні і ростані» (выбранае, 1978), «Не астудзі сваё сэрца» (1989). Напісаў кнігі нарысаў «Простыя людзі» (1957), «Чэрвень» (1977), кніжкі апавяданняў для дзяцей «Два Пецькі» (1973), «Двое ў лодцы» (1983).

На словы Міхася Пянкрата напісаны песні П. Ахрыменка і З. Паўлоўскім. Некаторыя творы пісьменніка перакладзеныя на рускую, украінскую, азербайджанскую, грузінскую, літоўскую, таджыкскую, узбекскую, эстонскую мовы.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фото: nlb.by/

Вверх