Людміла Антонаўна Кебіч нарадзілася 17 ліпеня 1951 г. у гарпасёлку Краснасельскі Ваўкавыскага раёна. Скончыла аддзяленне тэорыі музыкі Маладзечанскага музвучылішча, філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Працавала выкладчыкам музычна-тэарэтычных дысцыплін у Ваўкавыскай музычнай школе, у Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў.
Першыя вершы апублікаваны ў 1962 г. у газетах «Зорка» і «Піянер Беларусі». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў. Старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2005 г.
Вершы паэтэсы перакладаліся на рускую, украінскую, азербайджанскую, літоўскую і польскую мовы. Вершы Л. Кебіч увайшлі ў падручнікі «Музыка» для 2-га класа («Адукацыя і выхаванне», 2006 і 2013), шматлікія калектыўныя зборнікі.
Людміла Кебіч – аўтар 28 кніг паэзіі, прозы, кніг для дзяцей, зборнікаў песень. Сярод асноўных – «Па музычных законах», «Зялёная рутвіца», «На беразе белай ракі», «Ключы ад Неба», «Дамінанты лёсу», «Бэзавы дом».
Лаўрэат прэміі імя А. І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» ў намінацыі «Пісьменнік года» (2002), узнагароджана нагрудным знакам Міністэрства культуры Беларусі «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2009). Пераможца рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2009 года» ў намінацыі «Песенны жанр» (цыкл песенных вершаў «Словы прызнання»). Лаўрэат абласной прэміі «Чалавек года Гродзеншчыны» ў сацыяльна-палітычнай сферы (2013). Узнагароджана медалём Францыска Скарыны (2014), медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру» (2018).
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Telegram, Instagram, Facebook, VK).
Фота: Злата Лукашэвіч