16 февраля 2024

Іван Якаўлевіч Навуменка нарадзіўся 16 лютага 1925 г. у г. Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. Вершы пачаў пісаць яшчэ ў малодшых класах. Дасылаў іх і шматлікія нататкі ў мясцовую раённую газету. У старэйшых класах спрабаваў друкаваць артыкулы і рэцэнзіі на мастацкія творы. За адзін год экстэрнам здаў экзамены за восьмы і дзявяты класы.

Ён марыў сур’ёзна займацца літаратурай, але ўсе планы перакрэсліла вайна. Сямнаццацігадовым юнаком уключыўся ў барацьбу з акупантамі: прымаў актыўны ўдзел у падпольнай дзейнасці, быў сувязным і партызанам Васілевіцкай брыгады імя П. Панамарэнкі, уваходзіў у армейскую разведвальна-дыверсійную групу. Разам з часцямі Чырвонай Арміі ўдзельнічаў у вызваленні родных мясцін. У 1943 г. быў прызваны ў армію. Ваяваў на Ленінградскім і Першым Украінскім франтах, на Карэльскім перашыйку, ва Усходняй Прусіі, закончыў вайну ў Сілезіі.

Пасля дэмабілізацыі працаваў карэспандэнтам мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся». У 1950 г. скончыў завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (зараз БДУ), у 1954 г. аспірантуру. З 1953 па 1958 г. загадваў аддзелам прозы часопіса «Маладосць». Працаваў старшым выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам, загадчыкам кафедры беларускай літаратуры БДУ (да 1972 г.).

У 1972 г. Івана Навуменку абралі членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР. З гэтага часу ўся яго працоўная і навуковая дзейнасць была звязана з гэтай установай. У 1973 г. узначаліў Інстытут літаратуры          імя Я. Купалы, у 1980 г. стаў акадэмікам, праз два гады – віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР. У 1992-2002 гг. – саветнік пры прэзідыуме Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН Беларусі). З 2002 г. – галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі.

Іван Навуменка актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці рэспублікі. На V і VI з’ездах пісьменнікаў СССР быў абраны членам праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, уваходзіў у праўленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Прымаў удзел у рабоце XXV сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у складзе дэлегацыі ад БССР. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978), народны пісьменнік Беларусі (1995), узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1945), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1975), Айчыннай вайны ІІ ступені і Кастрычніцкай Рэвалюцыі (абодва 1985), шматлікімі медалямі.

Пачаткам літаратурнай дзейнасці пісьменніка лічыцца 1955 г. У гэты час у часопісе «Маладосць» былі апублікаваны яго першыя апавяданні «Сідар і Гараська» і «Эх, махорачка». З 1957 г. пачалі выдавацца зборнікі апавяданняў, навэл і аповесцей – «Семнаццатай вясной» (1957), «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Таполі юнацтва» (1966), «Вераніка» (1968), «Тая самая зямля» (1971) і інш.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны найбольш поўна раскрыта ў раманах «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973). У раманах, створаных у 1970-80-я гг. («Смутак белых начэй», «Летуценнік»), паўстае вобраз беларускага інтэлігента старэйшага пакалення. Сучаснае жыццё з усімі яго канфліктамі, супярэчлівасцямі асэнсоўваецца пісьменнікам у апошнім значным творы – трылогіі «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва» (1997) і яго працягу «Любімы горад» (1999).

Шырока вядомы Іван Навуменка як даследчык у галіне нацыянальнага літаратуразнаўства. Ён аўтар манаграфій «Янка Купала. Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968; за абедзве Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Коласа, 1972), «Змітрок Бядуля» (1995), «Максім Багдановіч» (1997), «Ранні Кузьма Чорны (1923-1929)» (2000). У 1997 г. за цыкл манаграфій атрымаў прэмію НАН Беларусі.

Пісьменнік на ніве роднай літаратуры працаваў больш за 50 гадоў. Творы Івана Навуменкі прасякнуты шчырасцю, праўдзівасцю, глыбокімі пачуццямі. Яны перакладзены на балгарскую, латышскую, нямецкую, польскую, рускую і іншыя мовы.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram).


Фото: НЦИС


Вверх