3 февраля 2024

Уладзімір Сцяпанавіч Пашчасцеў нарадзіўся 4 лютага 1944 г. у Іжэўску (Удмурція). Дзяцінства прайшло ў Мінску. Навучаўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1957-1962). У 1967 г. скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Вучыўся ў А. Кашкурэвіча, А. Паслядовіч, П. Любамудрава. З 1967 г. актыўна ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках. У 1969 г. Уладзімір Пашчасцеў быў прыняты ў члены Беларускага саюза мастакоў.

Працаваў у розных тэхніках станковай і кніжнай графікі. Галоўная тэма творчасці – сучаснік і яго навакольны свет. Шмат падарожнічаў па родным краі і замежжы. Мастацтвазнаўцы ў творчасці У. Пашчасцева асабліва выдзяляюць выразнасць і лаканічнасць яго графічнай мовы. Ён аўтар серый «Мінск перадсвяточны» і «З жыцця адной часці» (1968), «Палеская нафта» (1970), «Свята ў калгасе» (1972), «Аўтагонкі» (1975), «Палескі пейзаж» (1977), «Вучэнні «Бярэзіна» (1978), «Адноўленае Палессе» (1981) і інш.; лістоў «Салігорскі калійны» (1968), «Рэчыцкія шафёры» (1971), «Уборка бульбы» (1972), «Песня» (1979) і інш.

Мастак аформіў і стварыў ілюстрацыі да кніг «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» М. Лынькова, «Пучок жыгучкі» К. Крапівы, «Дожджык на колах» У. Юрэвіча, «Три повести о Малыше и Карлсоне» А. Ліндгрэн (1980), «Мы учимся писать» М. Гурэвіч (дыплом Усесаюзнага конкурсу мастацтва кнігі, 1984), буквароў Н. Старажовай і Т. Шанько (1992, 9 перавыданняў), А. Клышкі (1999), аформіў серыю кніг У. Поснікава «Приключения Карандаша и Самоделкина» (1998). Таксама Уладзімір Сцяпанавіч Пашчасцеў– аўтар ілюстрацый да паэмы-казкі      М. Багдановіча «Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык», змешчанай у часопісе «Вясёлка» (1981, № 12).

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расіі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, выставачным аб’яднанні «Цэнтральны дом мастака» ў Маскве.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram).


Фото: НЦИС


Вверх