05.04.2024

Людміла Сямёнаўна Ешчанка нарадзілася 5 красавіка 1944 г. у в. Пагост Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і педагогаў. У 1966 г. скончыла Беларускі тэхналагічны інстытут імя С. М. Кірава. Працуе ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце з 1966 г., з’яўляецца прафесарам кафедры тэхналогіі неарганічных рэчываў і агульнай хімічнай тэхналогіі.

Навуковыя інтарэсы Людмілы Сямёнаўны датычацца навуковых асноў і тэхналогій атрымання неарганічных злучэнняў зададзеных складаў, уласцівасцяў і стварэння на іх аснове тэхнічных матэрыялаў шматфункцыянальнага прызначэння, у прыватнасці адсарбентаў, каталізатараў, магніта- і электрарэалагічна актыўных напаўняльнікаў, пігментаў для лакафарбавай, гуматэхнічнай, будаўнічай прамысловасці, солевых кампазіцый для мыйных сродкаў.

Пад навуковым кіраўніцтвам Л. Ешчанка былі распрацаваны:

  • тэхналагічныя працэсы атрымання пігментаў, пігментаў-напаўняльнікаў, актыўных напаўняльнікаў для электрарэалагічных завісяў, малафасфатных, бесфасфатных кампазіцый для мыйных сродкаў і сродкаў для чысткі;
  • на аснове мясцовай другаснай сыравіны распрацаваны спосаб атрымання і склад цынкжалезафасфатнага антыкаразійнага пігмента, безабразіўнага сродку для чысткі, сінтэтычнага мыйнага сродку, якія ўкаранёны ў вытворчасць.

Людміла Ешчанка – аўтар больш за 250 навуковых прац, 80 вынаходстваў, 2 падручнікаў. Узнагароджана знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» (2004), падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2011), дыпломам I ступені за кіраўніцтва навуковай працай у VI конкурсе праектаў маладых навукоўцаў, прысвечаным 80-годдзю з дня нараджэння П. Дж. Саркісава (Масква, 2012).

Па матэрыялах Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram).


Фота: НЦІУ
Вверх