Беларусь у асобах: Янка Лучына
6 июля 2026
Цікавае
Янка Лучына – адметная асоба ў беларускай літаратуры ХІХ ст., у сваёй творчасці імкнуўся да ўдасканалення культуры пісьма, узбагачэння форм паэтычнай вобразнасці і выразнасці.
Нарадзіўся Іван Люцыянавіч Неслухоўскі 6 ліпеня 1851 г. у Мінску ў сям’і адваката. Літаратурай захапіўся ў час вучобы ў прыватным пансіёне, дзе напісаў свой першы верш. У 1865 г. паступіў у трэці клас Мінскай класічнай гімназіі. Пасля стаў студэнтам матэматычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, але захацеў стаць інжынерам, таму адукацыю працягнуў у Санкт-Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце на механічным аддзяленні. Працаваў інжынерам-тэхнолагам у чыгуначных майстэрнях Тыфліса, часта наведваў Мінск. У час апошняга прыезду ў родны горад (у канцы 1879 г. ці пачатку 1880 г.) моцна захварэў і пасля працяглага лячэння ўладкаваўся на працу ў Мінскае тэхнічнае бюро Лібава-Роменскай чыгункі.
У пачатку 1880-х гг. Янка Лучына пачаў займацца літаратурнай творчасцю. Пісаў на трох мовах – беларускай, рускай і польскай. У друку дэбютаваў рускамоўным вершам «Не ради славы иль расчета», які быў змешчаны ў першым нумары газеты «Минский листок» (2 красавіка 1886 г.). У гэтым жа годзе на старонках часопіса «Каласы» апублікаваў лірычны верш «Раскоша натхнення».
Адной з найбольш вядомых лічыцца паэма на польскай мове «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» (1892), раздзел якой «Стары паляўнічы» (пад назвай «Стары ляснік») быў надрукаваны ў беларускім перакладзе ў «Северо-Западном календаре на 1893 год». Сярод іншых твораў – апавяданні «На железной дороге» (1886) і «С праздничной поездки» (1893), вершы-прысвячэнні «По поводу 100-летней годовщины со дня рождения лорда Байрона» (1888) і «Джюбелини-Рядновай, в память бенефиса 22 февраля в Минске в 1891 году» і інш.
Янка Лучына напісаў і шмат лірычных твораў: у Варшаве выйшаў зборнік «Паэзія» (1898); аповесць «Верочка» выдадзена ў Маскве ў 1900 г. Кніга вершаў «Вязанка» надрукавана на беларускай мове ў 1903 г. у Санкт-Пецярбургу.
Янка Лучына добра ведаў народную культуру, з’яўляўся карэспандэнтам вядомага этнографа П. Шэйна, збіраў і дасылаў яму беларускі фальклор. Ён адыграў важную ролю і ў станаўленні паэтычнага перакладу. Пры пераўвасабленні твораў выкарыстоўваў шэраг мастацкіх прыёмаў (параўнанне, антытэзу, анафару, паралелізм, эўфемізм) і інш.
На рускую мову пісьменнік перакладаў творы У. Сыракомлі, А. Асныка; на польскую – вершы В. Чуміной-Міхайлавай, М. Някрасава, байкі І. Крылова, асобныя творы А. Хамякова; з нямецкай – Г. Гейнэ, са старажытнагрэчаскай – Гамера. Вершы Янкі Лучыны з польскай на беларускую мову перакладалі М. Арочка, М. Клімковіч, У. Мархель, М. Машара, П. Пестрак, І. Чыгрын і інш.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Telegram, Instagram, Facebook, VK).
Фота: Злата Лукашэвіч