Адбылася відэаканферэнцыя “Калектыўнае кіраванне аўтарскім правам і сумежнымі правамі”

16 марта 2021

Цікавае

15 сакавіка 2021 года Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці Рэспублікі Беларусь (НЦІУ) сумесна з Сусветнай арганізацыяй інтэлектуальнай уласнасці (САІУ) і Міжнароднай канфедэрацыяй суполак аўтараў і кампазітараў (СІЗАК) правялі відэаканферэнцыю па пытаннях калектыўнага кіравання аўтарскім правам і сумежнымі правамі. Мерапрыемства аб’яднала нацыянальных і міжнародных экспертаў у галіне інтэлектуальнай уласнасці і кіравання аўтарскім правам.

З боку НЦІУ у відэаканферэнцыі прынялі удзел намеснік генеральнага дырэктара Аляксандр Заяц, начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Артур Ахраменка, начальнік упраўлення аўтарскага і сумежных праў Аляксандр Дзянісман, начальнік упраўлення бухгалтарскага ўліку і справаздачы Таццяна Трыфанкова і начальнік аддзела заканадаўства ў сферы аўтарскага і сумежных праў Кацярына Янцікава.

САІУ была прадстаўлена начальнікам аддзела краін Каўказа, Цэнтральнай Азіі і Усходняй Еўропы Дэпартамента краін з пераходнай і развітай эканомікай (TDC) Іллёй Грыбковым, памочнікам кіраўніка праграм Аддзела краін Каўказа, Цэнтральнай Азіі і Усходняй Еўропы Аляксандрам Шаўчэнка, кіраўніком праграм Аддзела кіравання аўтарскім правам Сектара аўтарскага права і творчых галін Міюкі Манройг і дарадчыкам Аддзела кіравання аўтарскім правам Анітай Хус.

У дыскусіі прынялі ўдзел прадстаўнікі СІЗАК – дырэктар Еўрапейскага бюро Мітка Чаталбашаў, дырэктар па пытаннях развіцця прадпрымальніцтва Сільвен Піа і старшы дарадчык па прававых пытаннях Канстанс Эрреман.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі ключавыя пытанні ў галіне калектыўнага кіравання музыкальнымі і аудыявізуальнымі творамі ў эпоху лічбавых тэхналогій, якія ўключаюць устояную практыку кіравання маёмаснымі правамі ў лічбавам асяроддзі, а таксама спосабы аптымізацыі рабочых працэсаў, звязаных з апрацоўкай дадзеных і фарміраваннем справаздачы.

Асобным прадметам абмеркавання стаў распрацаваны Дапаможнік САІУ па найлепшай практыке для арганізацый па калектыўнаму кіраванню.

Па выніках відэаканферэнцыі бакі выказалі гатоўнасць да працягвання плённай работы, накіраванай на ўмацаванне супрацоўніцтва паміж арганізацыямі, у тым ліку ў рамках рэалізацыі сумесных праектаў.