30.07.2022

Ігнат Іпалітавіч Дамейка паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду. Нарадзіўся 31 ліпеня 1802 г. у заможнай сям'і ў вёсцы Мядзвядка Навагрудскага павета (зараз – Карэлічскі раён). У сем гадоў страціў бацьку, старшыню Навагрудскага земскага суда, і выхоўваўся ў сваякоў. Першапачатковую адукацыю атрымаў у школе манахаў-піяраў у Шчучыне. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.

Паваротным у жыцці І.І. Дамейкі стаў ліст Адама Міцкевіча, дзе ён паведамляў аб магчымасці працаваць 6 гадоў па кантракце ў Чылі. Не ведаў малады навуковец, калі адпраўляўся за акіян у 1838 г., што гэты тэрмін расцягнецца на 46 гадоў і што Чылі стане для яго другой радзімай.

Чылійскі перыяд жыцця Ігната Дамейкі быў напоўнены напружанай працай, экспедыцыямі ў горы і пустыні, нястомным палётам практычнай і навуковай думкі. У Какімба вучоны-мінералог, горны інжынер, прафесар хіміі Ігнат Іпалітавіч стварыў школу па падрыхтоўцы спецыялістаў, арганізаваў лабараторыю для аналізаў руды, сабраў калекцыю мінералаў, арганізаваў метэаралагічную службу, правёў шэсць экспедыцый у Анды і Кардыльеры, дабіраўся да вулканаў. Вынікам сталі адкрыцці радовішчаў срэбра, медзі, золата, каменнага вугалю, вядомай ва ўсім свеце чылійскай салетры, арганізацыя іх здабычы. У 1844 г. нястомны даследчык здзейсніў падарожжа на поўдзень Чылі, у краіну свабодалюбівых індзейцаў-араўканаў, якія 300 гадоў адстойвалі сваю незалежнасць у барацьбе з іспанскімі канкістадорамі.

З 1846 г. лёс Ігната Дамейкі быў звязаны з нацыянальным універсітэтам у сталічным Сант'яга. Дамейка быў прафесарам хіміі і мінералогіі, потым загадчыкам кафедры хіміі і членам універсітэцкага савета.

На месцы радавой сядзібы Дамейкі ў Мядзвядцы ўсталяваны памятны валун. У мясцовай школе створаны музей. У 2002 г., абвешчаны ЮНЭСКА годам Дамейкі ў гонар 200-годдзя з дня яго нараджэння, устаноўлены памятныя знакі, бюсты, абеліскі ў месцах, звязаных з імем сусветна вядомага вучонага, выпушчаны паштовыя маркі, памятныя манеты, на беларускай мове выдадзена кніга яго мемуараў «Мае падарожжы».

З базы дадзеных Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі.


Фота: ru.wikipedia.org
Вверх